Мая краіна Беларусь
7377 / 2
21.04.2016

«Такая Беларусь у нашай памяці і ў нашых снах» (відэа)

Гурт «Без билета» запісаў новую вэрсію свайго неўміручага гіта «Мая краіна Беларусь» і зьняў на яго кліп. Відэа музыкі прадстаўляць не інакш як альтэрнатыўнай візытоўкай нашай краіны.

Гэтая кампазыцыя ўпершыню выйшла на дэбютным альбоме каманды — «На неба» (2001) і з тых часоў безь яе не абыходзіцца ніводзін канцэрт. За гэты час «Мая краіна Беларусь» стала клясыкаю, пра што сьведчыць апытаньне Tuzin.fm «100 найвялікшых беларускіх песень». Цяпер музыкі вырашылі перазапісаць гэтую кампазыцыю. «Новая аранжыроўка адпавядае нашым уяўленьням пра XXI стагодзьдзе. Тру-вэрсія вельмі прыгожая, але закарцела абнаўленьня. Праз 15 гадоў. А яшчэ мы гэтай песеньцы павінны былі кліп, бо ў свой час менавіта яна вынесла нас на паверхню. Таму зноў жа праз 15 гадоў мы яго зьнялі!» — сказаў з нагоды прэм’еры на Tuzin.fm лідэр «Без билета» Віталік Артыст.

Вырашана было зрабіць кліп у жанры прыгожай, але трохі змрочнай утопіі ў жанры фэнтэзі. У той жа час аўтарам роліку, хацелася зьняць прыгожа і проста. «Мы паказалі Беларусь менавіта такой, якой яна ёсьць у нашай памяці, якой мы яе бачым у снах, калі знаходзімся далёка», — тлумачыць Віталік. У роліку ён увасобіў сваю даўнюю ідэю пра дзікія плямёны, якія маглі бы жыць на нашых землях пасьля нашай цывілізацыі. Яны маюць звышздольнасьці, але пры гэтым цэняць усё тое ж — агонь, паветра, ваду, зямлю і, вядома ж, любоў і каханьне.

Здымкі праходзілі ў вёсцы Белая Царква, што ў Віцебскай вобласьці, а таксама ў Салігорску ды ў некаторых іншых кутках краіны. Выданьне кліпу на «Маю краіну Беларусь» стала таксама нагодай для заявы Віталіка наконт таго, што ён адпускае сваю песьню ў вольны сьвет. «Буду толькі рады, калі ў музыкаў, рэжысэраў, танцораў зьявіцца жаданьне нейкім чынам яе выкарыстаць у сваёй творчасьці. Няхай яна дапамагае нашай самаідэнтыфікацыі на плянэце і аб’ядноўвае беларусаў усяго сьвету!» — сказаў лідэр «Без билета» і дадаў, што ўсур’ёз падумвае над тым, каб уключыць у наступны альбом некалькі новых твораў на беларускай мове.

Кліп зьняла студыя «Красный баян» на чале з рэжысэркай Тацянай Кушнер. Мастаком па касьцюмах і грымэрам выступіла тэатральная рэжысэрка Кацярына Аверкава.

Без билета — Мая краіна Беларусь (рэжысэр — Тацяна Кушнер). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Liam Sobak
    Liam Sobak / адказаць
    26.04.2016 / 18:53

    Бред.Что музыка,что клип - ни о чём.

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    14.12.2016 / 01:32

    Кліп астаўляе неадназначнае пачуццё. З аднаго боку якасная карцінка, добрая праца аператара, прыгожыя краявіды - прыемна глядзець. Спачатку нават не адразу зразумеў, што белыя палі і горы з соллю - гэта Салігорск. Але гэтыя касцюмы... да чаго яно? Дапускаю, што вышыванкі становяцца ўжо банальнасцю і хочацца падыйсці з іншага боку, але відаць у пагоні за арыгінальнасцю касцюмер (гурт) страціў пачуццё меры.
    Што да самой песні, то яна асабліва не насычана сэнсава і хутчэй нагадвае нейкі суправаджальны трэк да гэтага "турыстычнага" відэашэрага.
    Выснова: маючы такія рэсурсы, здаецца, можна было пайсці на шмат далей, але артысты спыніліся недзе пасярэдзіне... У любым выпадку гэты кліп бадай адзін з самых якасных у гэтым бязлікім відэачаце. Ва ўсялякім разе ёсць жаданне даглядзець яго да канца.

  • КАМЕНТАВАЦЬ