Naka. Маліцца нельга забараніць
У відэачарце на Tuzin.fm бярэ ўдзел кліп на самую спрэчную песьню ў рэпэртуары гурта Насты Шпакоўскай, які зьняў рэжысэр Арцём Лобач.
Гэтае відэа для сьпявачкі Насты Шпакоўскай — канец доўгай гісторыі, зьвязанай зь песьняй «Малітва». На запрашэньне Tuzin.fm яе гурт Naka ўзяў удзел у праекце «Re:Песьняры» да 45-годзьдзя ансамблю Ўладзімера Мулявіна. Але супраць іхняй трактоўкі выступіў адзін з аўтараў кампазыцыі Алег Моўчан. Справа скончылася ў Вярхоўным судзе. Нягледзячы на прысуд, Наста Шпакоўская вырашыла скончыць задуманае — напісала сваю музыку на словы Янкі Купалы, запісала песьню, зьняла на яе кліп і ў гонар яе назвала першы беларускамоўны альбом каманды. «Сапраўды, выхад гэтага відэа для мяне зьяўляецца фіналам доўгай павучальнай гісторыі. Гісторыі, у якой зьмяшаліся творчасьць, помста, хітрасьць ды амбіцыі, — кажа Наста Шпакоўская. — Насуперак усяму мы вырашылі давесьці справу да канца, таму што вершы Янкі Купалы належыць беларускаму народу, а тым больш гэтыя радкі з малітваю за беларускі народ. Лічу, што кожны мае права сачыняць музыку на гэтыя словы, выконваць яе і жыць гэтым, калі яму неабыякавы лёс свайго народу і краіны».
Адмыслова для здымак Наста навучылася катацца вярхом, каб выканаць ролю Вершніцы (тут абыгрываецца яшчэ адна прыкрая гісторыя, калі суаўтар сучаснага гербу «Пагоня» Ўладзімер Крукоўскі хацеў падаць на аўтара малюнку «Вершніца» за зьнявагу сымбалю). Над кліпам працавалі рэжысэр Арцём Лобач, апэратар Аляксандар Алейнікаў і мастачка Наста Шастак.
Naka — Мая малітва (рэжысэр — Арцём Лобач). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Красивый набор видео - оператору респект
КАМЕНТАВАЦЬ