Ня веру
18171 / 0
04.10.2017

Асновы дзяржаўнай ідэалёгіі ад «Дай дарогу!»

Гурт «Дай дарогу!» прэзэнтуе ў першым туры відэачарту ў сэзоне 2017/2018 кліп на свой першы беларускамоўны трэк.

Кліп на гэтую песьню быў прэзэнтаваны наўздагон першаму беларускамоўнаму самотніку каманды. Адмыслова для роліку кампазыцыя «Ня веру» была перазапісаная, бо музыкаў не да канца задавальняла якасьць папярэдняга запісу. Аўтарам ідэі, рэжысэрам і апэратарам роліку стаў Павал Малашонак, які дагэтуль супрацоўнічаў з «Дай дарогу!» у якасьці фатографа. «Гэтым відэа я жадаў адлюстраваць сытуацыю ў сучасным грамадзтве. Вельмі важна ў першую чаргу працаваць над сваім сьветапоглядам, ня робячы асноўны націск на атачэньне, і самому вырашаць, што зьмяніць і што для гэтага трэба рабіць. Агулам жа мы распавядаем пра этапы станаўленьня асобы ў цяперашніх абставінах», — патлумачыў рэжысэр сваю задуму падчас прэзэнтацыі кліпу на «Еўрарадыё».

Здымкі праходзілі ў Берасьці ў сьнежні 2016 году. Лідэр каманды Юры Стыльскі кажа, што дзеля здымак давялося пабудаваць павільён з нуля, таму на падрыхтоўчую працу пайшло каля двух месяцаў. Нават паркет, адмыслова няроўны, быў зроблены ўласнымі рукамі.

У якасьці актораў зьняліся сябры музыкаў і тыя, каго абралі праз кастынг: Арцём Панфёраў, Аляксандра Вараш, Ільля Брэсцкі, Валянцін Панфёраў, Паша Лес, а таксама прадусар каманды Яўген Крук.

Дай дарогу! — Ня веру (рэжысэр — Павал Малашонак)

TuzinFM