
Vuraj зьнялі больш чым кліп (відэа)
Гурт Vuraj прадстаўляе на Tuzin.fm кліп на песьню «Сасна пахілілася», які зьняў Арцём Лобач. Па сваёй задуме і маштабнасьці яе ўвасабленьня гэтая праца набліжаецца да кіно.
«Сасна пахілілася» — самы нефарматны трэк з найлепшага фольк-альбому 2014 году ў беларускай музыцы. Менавіта гэтая працяглая і складаная па сваёй пабудове кампазыцыя найбольш уразіла рэжысэра Арцёма Лобача. Менавіта яму даверыліся музыкі з гурта Vuraj. «Нам вельмі падабаецца тое, што робіць Арцём, а яму падабаецца наша творчасьць, таму і сышліся», — распавядае лідэр гурта Сяржук Доўгушаў, які сам нават не ўяўляў якім можа атрымацца кліп менавіта на «Сасну», але безь пярэчаньняў прыняў выбар рэжысэра.
Здымалі кліп цягам трох дзён на хутары Шэршні, што на Гарадзеншчыне, каля самага Нёману. Агулам у працэсе ўзяла ўдзел каля 20 чалавек. Арцём Лобач з дапамогаю апэратара Аляксандра Алейнікава пастанавіў зьняць магічнае відэа, але складалася ня ўсё проста. «На пачатку здымак выпадкова папсавалася сьвятло, зламалася дым-машына, але, як апынулася, гэта было на карысьць, бо давялося распальваць вогнішча і пагружацца цалкам у прыроду», — распавядае Доўгушаў, які на поўным сур’ёзе сьцьвярджае, што падчас здымак ён разам з музыкамі трапіў у нейкае зусім іншае вымярэньне. «Мы гралі на інструмэнтах, і гучала ў атмасфэры халоднага леса наша музыка надзвычай нязвыкла і таямніча. А яшчэ было халодна, бо апрануліся лёгка, але таго вымагала задума: мы мусілі быць у фраках і народных кашулях, а дзяўчаты ў чорных сукенках і народных строях — гэткае сумяшчэньне клясычнага і народнага стыляў», — дзеліцца ўражаньнямі лідэр «Вураю».
«Сасна пахілілася» — хрэсьбінная песьня. На думку яе выканаўцаў, у ёй ёсьць і жаночы, і мужчынскі пачатак, свая асаблівая філязофія, спалучэньне паганства і хрысьціянства, што якраз і адлюстроўваецца ў кліпе Арцёма. Калі музыкі ўсе разам паглядзелі фінальную вэрсію відэа, то былі адзінадушныя ў сваім меркаваньні — гэта сапраўды больш чым звычайны кліп. Vuraj зладзіў афіцыйную прэзэнтацыю гэтай працы і даў з гэтай нагоды канцэрт. Ёсьць таксама намер заявіць ролік на ўдзел у разнастайных замежных кліпавых і кінафэстах.
Vuraj — Cасна пахілілася (рэжысэр Арцём Лобач). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Цікавы кліп. Але як здымалі кліп у нас на гарадзеншчыне, дык адкуль фрагменты відэа з засьнежанымі гарамі? - Абсалютна чужы элемент атрымаўся.
Пяюць пра сасну, здымки на фоне ліставых))) Гэта як ... нават цяжка патлумачыць... адразу рубіць... кагнетыўны дісанасс нейк
Адзін з найлепшых беларускіх кліпаў, што я бачыў. Хоць мне і не даканца ўсё зразумела ў самой песне ды і ў тым, што адбываецца ў кліпе, але ролік захоплівае мяне і трымае да самага канца. Выдатная рэжысэрская праца.
Што да гор, то ніякай дысгармоніі на мой погляд няма. А паказваць сасну калі пра яе спяваеш - гэта проста было б тупа.
КАМЕНТАВАЦЬ