
Кліп, зь якога Naviband пачаў новую старонку сваёй гісторыі
Кліп рэжысэра Аляксандра Табольскага на песьню «А дзе жывеш ты?» шмат у чым стаў знакавым для Ксюшы Жук і Арцёма Лук’яненкі.
Менавіта ў гэтым відэа Ксюша і Арцём падзяліліся з слухачамі сваім сакрэтам — яны чакаюць зьяўленьня на сьвет дзіця. «Ад гэтай песьні і кліпу мы пачынаем новую старонку сваёй гісторыі, як творчай, так і жыцьцёвай», — кажуць музыкі. Кліп зьняў удзельнік каманды і ейны прадусар Аляксандар Табольскі, якому належыць аўтарства відэа на «Гісторыю майго жыцьця». Са словаў рэжысэра, ідэя гэтага роліку высьпявала каля трох месяцаў: «Паколькі песьня атрымалася асаблівай, то мы не сьпяшаліся зь візуалізацыяй. За час падрыхтоўкі да здымак мы пасьпелі запісаць цалкам новы альбом і нават зьняць іншае відэа на песьню „Бяжы“. І вось той самы „шэраг падзеяў“ прывёў нас да таго самага сюжэту. Таму сцэнар зьявіўся хутка і лёгка, праўда давялося паўгаворваць Ксюшу з Арцёмам, каб падаць песьню менавіта такім чынам».
Ідэя ўвесьці ў кліп рамантыка з поўняй належыць апэратару Алегу Гірвелю. І гэта супала з жаданьнем музыкаў зрабіць такое відэа, у якім галоўнымі героямі былі ня толькі яны. Па выніку гэтую ролю выканаў Сяргей Толкач. Цікава, што Аляксандар Табольскі ведае актора па ролі ў стужцы Мітрыя Сямёнава-Алейнікава «Адной крыві», а вось для Арцёма Лук’яненкі Сяргей — сябра дзіцінства з роднага Глыбокага.
Кліп на песьню «А дзе жывеш ты?» возьме ўдзел у восеньскім туры відэачарту на TuzinFM у сэзоне 2018/2019.
Naviband — А дзе жывеш ты? (рэжысэр — Аляксандар Табольскі)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ