
Утульнасьць, цяпло ды сонца. Дэбютны кліп «Хеліос» (прэм’ера!)
Гурт «Хеліос» прэзэнтуе на TuzinFM кліп на песьню «Па неадступнасьці», зь якой перамог у чацьвертым сэзоне конкурсу «Засьпявай».
Акурат здымкі кліпу разам з грашовай узнагародай выканаўцы атрымалі за перамогу ў «Засьпявай». Дапамог увасобіць іх творчыя ідэі ў жыцьцё рэжысэр Арцём Лобач, які зьняў ролік.
«Гэтая песьня на верш Ніны Лістоты адлюстроўвае наш сьветапогляд, а з дапамогай кліпу можна ўбачыць якія мы маем карцінкі ў галаве. Мы ўдзячныя Арцёму Лобачу і апэратару Аляксандру Вавілаву, якія напоўнілі відэа ўтульнасьцю, цеплынёю і сонцам!» —кажуць Марыя Гаўрыленка і Аліна Казачэнка пра сваю працу.
«Для мяне заўжды ёсьць асабістым выпрабаваньнем, калі стаіць задача зьняць кліп за невялікі бюджэт і за кароткі адрэзак часу. У такім выпадку ўсё трымаецца на ідэі. Візуальная канцэпцыя роліку была ў тым, каб пабудаваць яго на паўторах адной сцэны зь невялікімі адрозьненьнямі. Але масоўка з актораў была такой жывой і разнастайнай, што я часткова адышоў ад задумы. І ў нас атрымалася зьняць жывыя эмоцыі, імправізацыю і нават танец. А яшчэ ў кліпе шмат сонца і прасторы», — распавядае Арцём Лобач.
Здымалі відэа ў палях, непадалёк ад Менску. У здымках узялі ўдзел акторы тэатральнай суполкі БДУ «На балконе». З касьцюмамі дапамаглі Maski.by
Хеліос — Па неадступнасьці (рэжысэр — Арцём Лобач)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ