
Zolki band: «Прывітаньне, іншаплянэтнікі!» (відэа)
Гурт Zolki band зь Берасьця прэзэнтуе ў відэачарце на Tuzin.fm кліп Ігара Гусева на песьню з назваю «B.E.Z.R.A.Z.L.I.C.H.I.E. — heta tradycyja».
Zolki band — фактычна «ол-старс» каманда, у склад якой уваходзяць музыкі вядомых берасьцейскіх гуртоў, такіх як Intra muros, D_tails, Дай Дарогу! Іх сумесная песьня з гуртом Landau cтала гітом гэтага сэзону на Tuzin.fm. Самі музыкі прадстаўляюцца наступным чынам: «Мы бэнд, пад які добра гуляць у шахматы і пацягваць у бары кактэйлі Молатава».
Песьня з назовам «B.E.Z.R.A.Z.L.I.C.H.I.E. — heta tradycyja» папярэднічае выхаду альбома каманды. «Калі б у Беларусі існаваў шоў-бізнэс, можна было б сказаць што мы запісалі сынгл», — іранізуе лідэр каманды Рома f.s.t. Музыкі вырашылі ўвасобіць свой твор у відэа, дапамог ім у гэтым выдатны берасьцейскі рэжысэр і фатограф Ігар Гусеў. Здымкі прайшлі ў партызанскіх лясох паблізу Берасьця.
Рома спрабуе патлумачыць задуму відэароліка: «37 гадоў таму была запушчана аўтаматычная міжплянэтная станцыя „Вояджар-1“. За 37 гадоў ён пасьпеў дасягнуць межаў Сонечнай сістэмы і выйсьці зь яе. На борце апарата была замацавана залатая пласьціна, дзе для меркаваных іншаплянетнікаў пазначылі каардынаты Зямлі, а таксама зварот тагачаснага прэзыдэнта ЗША пра падарунак ад маленькага далёкага сьвету: нашы гукі, наша навука, нашы выявы, наша музыка, нашы думкі і пачуцьці. Там былі такія словы: «Мы спрабуем выжыць у наш час, каб жыць і ў вашым. Мы спадзяемся, настане дзень, калі будуць вырашаныя праблемы, перад якімі мы стаім сёньня, і мы далучымся да галяктычнай цывілізацыі. Гэтыя запісы прадстаўляюць нашы надзеі, нашу рашучасьць і нашу добрую волю ў гэтым Сусьвеце, вялізарным, які выклікае трапятаньне. А на Зямлі праз гэтыя 37 гадоў прачнуўся чалавек, якога дагэтуль апаноўваюць думкі пра нянавісьць і фобіі. Чалавек, зь якога дагэтуль ня вытравілі вірус бязьмернага апэтыту і таталітарнага рабалепства. Прывітаньне, іншаплянэтнікі!»
Акрамя рэжысэра Ігара Гусева над ролікам працаваў апэратар Ільля Курачкін. Стваральнікі відэа таксама выказваюць падзяку Вользе Арчыбасавай.
Zolki band — B.E.Z.R.A.Z.L.I.C.H.I.E. — heta tradycyja (рэжысэр — Ігар Гусеў).
Tuzin.fm
Нармальна.
КАМЕНТАВАЦЬ