Апэрацыя адукацыя
3104 / 0
20.03.2019

«Адукацыя — акупацыя!». Вольскі згадаў настаўніцкае мінулае

У новым туры відэачарту на TuzinFM бярэ ўдзел кліп рэжысэра Сержа Аўсяньніка на песьню Лявона Вольскага «Апэрацыя адукацыя».

«Апэрацыя адукацыя» — другі кліп, зьняты ў падтрымку новага альбому Лявона «Гравітацыя». У гучным фінале музыка сьпявае: «Адукацыя — акупацыя! На ўсім жыцьці адбіваецца». Вольскі пісаў песьню ня толькі як былы вучань і бацька, але і як дыплямаваны настаўнік красьленьня і маляваньня.

«Натуральна, што хібы адукацыі ёсьць усюды, але адна сытуацыя ў Фінляндыі і зусім іншая — у Беларусі, — распавядае Лявон Вольскі. — Памятаю, як у час пэдпрактыкі працаваў у адной са школ Менску. Па-першае, нават настаўнікам нельга было хадзіць з даўгімі валасамі: даводзілася хаваць іх пад каўнер і завязвацца шалікам. Па-другое, было вельмі дзіўна, наколькі шаблённае мысьленьне навязвалася дзецям. Напрыклад, я даваў творчае заданьне — намаляваць жывёлу. У выніку нехта першы маляваў сабачаня, а астатнія проста паўтаралі. Мне здаецца, што за 35 гадоў зьмяніліся дробязі, а сутнасьць, на жаль, засталася тая самая».

Рэжысэрам атмасфэрнага відэа стаў Серж Аўсяньнік, аўтар першага беларускага сэрыялу ў жанры хорар «Заклятыя скарбы». Ён ужо здымаў ролік для «Крамбамбулю», на песьню «Партызаны каляднага лесу».

Lavon Volski — Апэрацыя адукацыя (рэжысэр — Серж Аўсяньнік)

TuzinFM