Містычны кліп-дэбют ад гурта Adliga
Гурт Adliga прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM кліп на сваю дэбютную кампазыцыю «Вандроўнік». Гэтая праца стала дэбютам і для рэжысэра Андрэя Перасьмешніка.
Паводле рэжысэрскай задумы, група маладых людзей (па сумяшчальніцтве ўдзельнікі гурта) гуляе з Духам сядзібы ў адмысловы варыянт гульні ў косткі. На коне — жыцьцё і воля кожнага з гульцоў, альбо зьняволеньне душ ахоўнікам сядзібы. Кожны ход косткамі на дошцы дублюецца ходам прататыпаў удзельнікаў у полі. Мэта гульні — дасягнуць запаветнай чары і, выпіўшы зь яе, вярнуць сябе да пачатку гульні. У выпадку, калі да канца гульні ніхто ня дойдзе, душы герояў назаўжды застануцца пад уладай прывіднага Духу. З кантэксту становіцца зразумела, што маладыя людзі ўжо ня раз гуляюць у гэтую рызыкоўную гульню.
Кліп здымалі ў Галаўцах сярод руін сядзібы Абуховічаў, а таксама ў менскай «Студыі 9». Кліп на песьню «Вандроўнік» стаў дэбютным для Андрэя Перасьмешніка. Гэта яго першая цалкам самастойная праца, дзе ён выступіў у якасьці апэратара, рэжысэра і мантажыста.
«Вандроўнік» — дэбютны трэк і саміх музыкаў. Яны граюць разам з 2016 году, але дагэтуль каманда існавала ў фармаце кавэр-бэнду. Цяпер яе ўдзельнікі ўзяліся за стварэньне ўласнага матэрыялу. Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.
Adliga — Вандроўнік (рэжысэр — Андрэй Перасьмешнік)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ