
«MorkvoЦвет». Колер неба ў вачах назіральніка
Гурт «MorkvoЦвет» прэзэнтуе на TuzinFM кліп на песьню аўтарства Міхала Анемпадыстава «Неба мяняе колер», якая зьяўляецца інтрадукцыяй да іх новага альбому.
Для таго, каб зьняць гэты ролік хлопцы з «MorkvoЦвет» два месяцы рабілі рамонт у старой хаце, якую абралі ў якасьці галоўнага месца дзеі. «Гэта хутар пад Ракавам, хаце больш за 100 гадоў. Давялося ў ёй цалкам перарабіць падлогу, вокны ды шмат чаго яшчэ, а потым ужо здымаць», — кажа Павал Рыжкоў.
«Хацелася данесьці гэтым ролікам думку, што мы часта недаацэньваем сябе і не ўсьведамляем, што зьмяніць сьвет наўкол у сілах кожнага. Колер неба залежыць ад вачэй таго, хто глядзіць», — распавядае пра задуму роліку ягоны паплечнік Яўген Белановіч. Павал і Яўген самі выступілі рэжысэрамі відэа. Як і ў выпадку з папярэднім кліпам «Звар’яцелы генэрал» са здымкамі і мантажом ім дапамог Дзьмітры Новік.
Песьня «Неба мяняе колер» напісаная на верш Міхала Анемпадыстава. Музыкі выконвалі яе на канцэрце памяці паэта. Менавіта гэтым трэкам вырашана адкрыць новы альбом «Как Брюс».
MorkvoЦвет — Неба мяняе колер (рэжысэры — Яўген Белановіч і Павал Рыжкоў)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ