Горад
8506 / 4
27.02.2014

Самы тытуляваны беларускі кліп апошніх гадоў ад Recha

У новым туры відэачарту на Tuzin.fm бярэ ўдзел кліп «Горад» гурта Recha, які быў уганараваны прызамі на васьмі фэстывалях у Беларусі, Расеі, Баўгарыі і Гішпаніі.

Кліп на песьню «Горад» музыкі афіцыйна выклалі ў сеціва толькі ў кастрычніку 2013 году. Але рэальная прэм’ера гэтай арыгінальнай працы адбылася больш чым за год да гэтага. Ролік дэманстраваўся ў межах розных міжнародных фэстываляў і здабыў нямала прызоў. На Першым фэстывалі анімацыйных фільмаў у Гішпаніі Libelula animation festival (2012) ён быў прызнаны найлепшым кліпам, на фэстывалі лічбавага мастацтва Perfect Symmetry — 2012 у Расеі атрымаў прыз глядацкіх сымпатыяў. Летась былі ўзнагароды на другім міжнародным фэстывалі кароткамэтражных фільмаў Cinema Perpetuum Mobile ў Менску за найлепшы фільм, на 18-м фэстывалі анімацыйнага кіно ў Суздалі — прыз «За арыгінальнае візуальнае рашэньне», на 7-м міжнародным моладзевым кінафэсьце New Horizon у Расеі названы найлепшым анімацыйным фільмам, на 4-м міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў Golden Kuker у Баўгарыі ушанаваны, як найлепшае музычнае відэа, а таксама стаў ляўрэатам на 4-м фэстывалі беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK! і на 3-м моладзевым кінафэстывалі ў Расеі «Свет миру».

Як распавядаюць стваральнікі роліку Андрусь Такінданг (рэжысэр, мастак, аўтар песьні і вакаліст гурта) ды Дзяніс Міжуй (кампутарная анімацыя) задума іх працы была ў тым, каб паказаць субкультурную стракатасьць беларускай сталіцы. Паводле сюжэту, вулічныя музыкі бароняць горад ад нашэсьця гэтых субкультурных зомбі. Аднак мараль ня ў тым, што нехта лепшы, а нехта горшы. «Усе мы аднолькава голыя пад нашымі моднымі пінджакамі, дарагімі сукенкамі ды вузкімі джынсамі», — кажуць музыкі.

«Колькі гадоў на вуліцах сталіцы, асабліва ля „Макдональдсу на „Кастрах, можна назіраць шэрагі стракатай моладзі. Эма-недалугі зьмянілі R’n’B-красунь, потым прыйшлі гіпстары. Можна набыць любое адзеньне ды не баяцца атрымаць за даўгія валасы ў галаву. І хаця ў большасьці выпадкаў даводзіцца ставіць дэфіс — гопнік-рокер, гопнік-рэпэр, гопнік-гіпстар ды гопнік-гопнік, — горад наш усё ж цудоўны, кранальны, не раўнуючы, як пятнаццацігадовы падлетак у краме адзеньня», — вядзецца ў анатацыі да кліпу.

Цяпер кліп можна падтрымаць у відэачарце на «Тузіне». А пра ранейшыя і будучыя дасягненьні «Гораду» можна дазнацца на адмыслова створанай старонцы ў Facebook.

Recha — Горад (рэжысэр — Андрусь Такінданг). Зьмяшчаецца са згоды аўтара.

Tuzin.fm

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • Антон Шахорский
    Антон Шахорский / адказаць
    13.03.2014 / 21:49

    выдатна!)

  • Сяргей Будкін
    Сяргей Будкін / адказаць
    17.03.2014 / 11:06

    Сапраўды, вельмі вартая рэч, якую можна паставіць у адзін шэраг з кліпам на "Тры Янгалы" Троіцы.

  • walik87 / адказаць
    09.05.2014 / 01:28

    Дакладна лепшае на сенняшнi час!

  • WM / адказаць
    16.05.2014 / 18:55

    моцна.

  • КАМЕНТАВАЦЬ