Колеры
5770 / 0
05.08.2014

Avias. Прывітаньне шалёным 90-м

Гурт Avias запісаў альбом, па якім можна меркаваць пра сёньняшні ўзровень беларускай альтэрнатыўнай музыкі.

Наўмысна неахайны голас з надрывам і мурзаты гітарны саўнд зь першага ж трэку выдаюць Avias з усімі трыбухамі як зацятых прыхільнікаў Курта. Зрэшты, Рома Сухоцкі з кампаніяй не хаваюць гэтага і кажуць, што іх музыка грунтуецца на найлепшых узорах заходняга року 90-х — пачатку нулявых. Яны гадаваліся на Nirvana, Sonic Youth, раньнім Silverchair і Bush. На думку Ромы, менавіта ў гэты час да канца аформіліся яго ўлюбёныя музычныя жанры, а тое што граецца пасьля, — ня больш чым аналягі з прыўнясеньнямі ці кампіляцыямі. Аднак пры гэтым Avias не пакутуе на трыб’ютнасьць мысьленьня і паказвае гэтай працай сваю поўную творчую самадастатковасьць.

Нягледзячы на тое, што «Колеры» — дэбютны альбом каманды, Avias аніяк не назавеш навічкамі на беларускай музычнай сцэне. Удзельніца гурту ад самага пачатку Vicky Fatez — самая вядомая бубначка краіны (а можа, нават адзіная), а лідэр каманды пачынаў яшчэ ў гурце Krok амаль 10 гадоў таму. У тыя часы і зьявіўся прынцып «пяяць толькі па-беларуску», якога Рома трымаецца ўвесь гэты час.

«Колеры» — з тых альбомаў, якія раскрываюцца не адразу. Гэтыя песьні ня могуць быць фонам, а вымагаюць максымальнай засяроджанасьці, увагі і пранікнёнасьці. Досыць жорсткія з музычнага гледзішча грузныя трэкі (напрыклад, «Людзі», «Абяцанае») тут суседзяць з кампазыцыямі мяккімі і лагоднымі, зусім ужо блізкімі да поп-року («НЛА», «Маўклівы горад»). Некаторыя зь іх маглі б выдатна ўпісацца ў рэпэртуар, скажам, Akute («Межы»). А на відэа, што папярэднічала выхаду альбому, музыкі паказалі, наколькі выдатна яны могуць гучаць у акустыку. Згаданая кампазыцыя «Маўклівы горад» на дыску прысутнічае толькі ў электрычнасьці і зьяўляецца адным з самых моцных нумароў альбому разам з трэкам «Падман зроку» з алюзіяй на раньняга Цоя. Агулам жа альбом выглядае надзвычай цэльна.

Avias — Колеры, 2014

Спампаваць альбом адным файлам можна на Avias.by

Tuzin.fm

Тэгi: