Жыта
6800 / 0
04.12.2015

Pawa. Перажыткі мінулага

У новым альбоме гурт Юрася Панкевіча гучыць так, нібы маладым Гаану і Гору замовілі напісаць песьню для «Дажынак-1981».

Апрацоўка фальклёру — справа вельмі тонкая і няпростая. Зацікавіць і зачапіць слухача ўласнымі інтэрпрэтацыямі народных сьпеваў з кожным годам усё цяжэй — карыфеі жанру зрабілі тут усё магчымае і немагчымае, таму ёсьць моцная рызыка выглядаць на іх фоне другасна, сьмешна, а то і пошла. Новае, сьвежае і актуальнае зрабіць тут практычна немагчыма. Музыкі з гурта Pawa гэты факт добра ўсьведамляюць, таму адразу ж па выхадзе свайго трэцяга альбому «Жыта» (ня блытаць з «Жніво» ад Shuma) заявілі, што яны працуюць па-за трэндамі, і адразу ж згадзіліся на параўнаньне сваёй музыкі ня з модным iPhon’ам, а з аналягавай Nokia.

Сапраўды, Pawa не імкнецца бегчы ўперадзе паравоза, не ўскладняе сабе задачы, як робіць тая ж Shuma (параўнаньні зь імі цяпер будуць перасьледаваць гурт Панкевіча да скону). Наўмысна спрашчае падачу. Іх хады вельмі прадказальныя, але — дзіва! — ім удаецца выглядаць пры гэтым арыгінальнымі. Трэкі вырашаныя ў стылі досыць наіўнага электра-попу (яны завуць гэта «фольктроніка»), які трымаецца на вінтажным гучаньні сынтэзатара, з накладаньнем жывой скрыпачкі, флейты і дуды, а часам абсалютна чужой у гэтых абставінах гард-рок гітары. Стаўка робіцца на жаночыя галасы — безумоўна адметныя і ўжо добра пазнавальныя, хоць ёсьць падазрэньне, што ўсіх сваіх магчымасьцяў у гэтых межах Марына Грышанава і Надзея Процька не раскрываюць.

У «Жыце» яўна бачнае імкненьне музыкаў адысьці ад танцавальнага фармату — роўна палова трэкаў тут — нумары павольныя і цягучыя. Якраз загалоўны трэк і «Юр’я» вызначаюць новае аблічча гурта, але ёсьць і звыклы чыста беларускі народны дэнс, як «Зайграй жа мне, дударачку», абраная гімнам «Дударскага клюбу». Асобна таксама стаіць «Іскарка-прыгаўка» — гэтак мог гучаць гурт маладых Гаана і Гора, калі б ім замовілі напісаць песьню для «Дажынак-1981».

Яшчэ адна адметнасьць гэтага альбому ў тым, што Pawa вырашыла зрабіць стаўку выключна на беларускі матэрыял і адмовіцца ад выкананьня сьпеваў і танцаў іншых народаў Эўропы. Рашэньне, быць можа, і спрэчнае, бо вельмі ўмела і гарманічна яны спляталі ў адной праграме мэлёдыі і рытмы сярэднявечнай эстрады.

Такой музыкі, якую робіць Pawa, павінна быць валам. Яна ня мусіць рабіць рэвалюцыі ў сьвядомасьці, а мае ствараць адпаведны культурны фон — гучаць у пабах і на карпаратывах, на тэлевізіі і радыё. Запатрабаванасьць на такую музыку паступова расьце, але з жалем даводзіцца канстатаваць, што такі гурт у нас адзін.

Сяргей Будкін

Тэгi: