Mertvets
9472 / 1
08.09.2014

«Нельга забыць». Па дарозе зь «Мерцьвяком»

Для гурта «Нельга забыць» Багдановіч — ­пэрсанаж містычны, такі напаўпрывід з прымроенай краіны, якога яны нават параўноўваюць з героем Джоні Дэпа зь фільму Джармуша «Dead Man».

Фармацыя «Нельга забыць» працягвае апраўдваць сваю назву. Сьледам за музычным спэктаклем паводле Караткевіча яны зрабілі яшчэ адну канцэптуальную праграму — цяпер на вершы Багдановіча. І калі ў першым выпадку гэта выглядала на нясьмелыя студэнцкія экспэрымэнты са зьместам і формай, то тут маем добра прадуманую музычную дзею, адбудаваную ад пачатку да канца, якая сьведчыць пра шырыню творчага мысьленьня музыкаў.

«Mertvets» — першы ўцямны студыйны запіс гурта Міхаіла Бараноўскага, якому ўжо ня першы год раздаюць авансы ў асяродку аматараў аўтарскай песьні. Тут ён выходзіць за межы простых сьпеваў пад гітару з дапаможнымі інструмэнтамі, упраўляючы паэзію Багдановіча ў межы псыхадэлічнага року, пададзенага на свой лад з скрыпачкаю ды баянам. Можа, гэтай музыцы яшчэ не стае інтрыгі, але навідавоку сьмелы падыход да асэнсаваньня клясыкі.

Для аўтараў гэтага альбому Багдановіч — пэрсанаж містычны, такі напаўпрывід з прымроенай краіны, якога яны нават  параўноўваюць з героем Джоні Дэпа зь фільму Джармуша «Dead Man». У час стварэньня праграмы справа дайшла ледзьве не да сьпірытычнага сэансу — прынамсі, Міхал Бараноўскі кажа, што музыка да яго прыйшла сама падчас знаходжаньня ў хатцы, дзе жыў Багдановіч (цяпер гэта філіял музэю паэта, дзе, уласна, і працуе лідэр «Нельга забыць»). Паказальна, што сярод песень альбому няма ані «Веранікі», ані «Зоркі Вэнэры», ані іншых твораў, зь якімі найперш асацыююць творчасьць паэта. Толькі «Пагоня», выкананая тут двойчы і абодва разы па-хуліганску як для меркаванага гімну. Першы раз наўмысна неахайна пад баян, а другі — таксама нечакана — у блюзавай манэры. Кансэрватары могуць такога не дараваць.

Упрыгожаньне альбому — вакал Надзеі Процькі (вядомай таксама з гурта Pawa), якая якраз да месца разнастаіць густы і манатонны голас Бараноўскага, што найлепш адчувальна ў «Зязюлі». Эмацыйны пік альбому — якраз сольны нумар Надзеі «Залілось сьлязьмі быццам зоркамі».

Падобна, што найлепшыя акустычныя альбомы ў Беларусі робяцца на студыі Everest. Менавіта тут даводзіўся да ладу найлепшы беларускамоўны рэліз мінулага году «Адпусьці» ад гурта BosaeSonca, тут жа запісваўся «Mertvets», які з поўным правам можа прэтэндаваць на такое званьне сёлета.

Нельга забыцьMertvets, 2014

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

КАМЕНТАРЫ: