
Фантазіі ў стылі этна
Калі б раптам у Торы Амас знайшліся беларускія карані, яна магла запісаць падобны альбом. Заснавальніца праекту Akana-NHS Ірэна Катвіцкай прадставіла свой першы сольны рэліз «Этна-фантазіі».
Аснову праграмы складаюць традыцыйныя песьні, якія сьпяваліся ў даўнія часы з розных нагодаў. Тут сустракаюцца веснавыя, радзінныя, калядныя сьпевы, а таксама некалькі аўтарскіх твораў. Некаторыя зь іх выконваліся і ў праектах з удзелам Ірэны, як цудоўная «Вясна», якая адкрывае дыск – яна ж каронны нумар з рэпертуару Akana. Толькі што ў «Этна-фантазіях» усе кампазыцыі набылі зусім іншую аранжыроўку. Усё надзвычай мінімалістычна - толькі вакал і раяль, часам толькі вакал ці толькі раяль. Ірэна не баіцца экспэрымэнтаваць з матэрыялам – сьведчаньнем таму хаця б песьня «Каза», якая можа нямала зьдзівіць такой арыгінальнай падачай.
Наогул брацца за пераасэнсаваньне даўніх сьпеваў пасьля ўсяго зробленага ў беларускім фольку, справа рызыкоўная. Вельмі часта такая практыка выглядае ўсяго толькі на паразытаваньне і сьведчыць хіба толькі пра творчую недзеяздольнасьць выканаўцы. Але гэта не выпадак Катвіцкай. Ірэна добра адчувае матэрыял і ведае, як перадаць чароўнасьць беларускага сьпеву. Яна не прапявае кампазыцыю, а пражывае яе, уплятаючы ў твор свае ўласныя эмоцыі. «Этна-фантазія» – ня проста даніна павагі продкам ды роднай старонцы, а куды большае – аўтарскае выказваньне асобы, якая надзвычай востра адчувае сваю Прастору. У аўтаркі атрымалася пранікнуць у сутнасьць рэчаў і яна гэтым сваім адчуваньнем дзеліцца з неабыякавым людам. Сьпявачка верыць у тое, што калі перапяваеш даўнія песьні, то традыцыя аднаўляецца і адкрывае свае таямніцы. Мусіць дзякуючы прысутнасьці любоўнай лірыкі, радзіннай песеньцы ды калыханкам, альбом выйшаў вельмі сэнтымэнтальным і жаноцкім – паслухаць бы яго Кірілу Насаеву ды ўсім перакананым у тым, што музыка – справа мужчынская. Кранальная дэталь – дзьве кампазыцыі з альбому, прысьвечаныя дачкам Ірэны. Старэйшай - аўтарская п’еса на шэсьць хвілін «Ліда», адна з цэнтральных рэчаў у альбоме. А малодшай - «Вера», запісаная якраз з удзелам самой Веры.
Не спадабаўся хіба надта ўжо прыглушаны месцамі вакал – нямаведама, ці такая была задума, але хацелася каб голас сьпявачкі гучаў больш адметна і тлуста. У астатнім жа атрымаўся спакойны і вельмі ўтульны альбом. Дыск выдатна аздоблены, толькі што тэкст на буклеце невычатаны, таму сустракаюцца зусім ужо прыкрыя памылкі. Шкада што такая неахайнасьць распаўсюджаная зьява сярод нашых музыкаў.
Irena Kotvitskaya – Ethno-fantasia, 2013
Паслухаць трэкі з альбому можна на афіцыйным сайце сьпявачкі і на Ocmoc.kroogi.com
SB, «Тузін Гітоў»/budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ