Паліна Рэспубліка. Выстаяць, нібы антычная калона
Самая яркая беларуская сьпявачка апошняй пяцігодкі выдала ўрэшце дэбютны альбом, які выклікае гнеў у нядобразычліўцаў і не гарантуе эўфарыі і катарсісу даўнім прыхільнікам.
Паліна — дзяўчына-падзея. Пра гэта падумалася яшчэ тады, калі яна спазьнілася з заявай на «Бардаўскую восень», але была прынятая да адбору, прайшла і ўзяла Гран-пры. Перамога на фэсьце, які робяць беларусы ў Польшчы, — гэта не тэлешоў «Голас», таму аніякіх гарантыяў, што тутэйшыя беларусы цябе прымуць і палюбяць. Паліне спатрэбілася паўгоду, каб заваяваць публіку тут сваімі мілымі і наіўнымі песьнямі. Яе назвалі «Адкрыцьцём году» і Tuzin.fm (2011), і Ultra-Music (2012), сваё захапленьне яе песьнямі выказалі зусім розныя пэрсоны — ад брутальнага Лэсьлі Ножыка з Gods Tower да поп-сонграйтэра Ўладзімера Кубышкіна, палюбілася яна і ўкраінцам. І ўвесь гэты час ад Паліны чакалі дэбютнага альбому — як бы ў адказ на раздадзеныя авансы. Нарэшце ён выйшаў, пацьвердзіў апраўднасьць тых надзеяў, але пры гэтым ня выклікаў эўфарыі і катарсісу.
Вядома ж, рэліз прыпазьніўся. Усе гэтыя песьні ўжо даўно разышліся на цытаты і статусы, па кантакце і юцьюбе ў канцэртных варыянтах, больш мінімалістычных, як правіла. І вельмі цяжка прыняць цяпер, напрыклад, «Як ты» ў альбомнай вэрсіі. Наогул жа, гэтая песьня, безумоўна №1 у творчасьці Паліны, — галоўны правал альбому. Як ні намагаліся ўпісаць яе ў пэўны квадрат, яна застаецца непадуладнай. Некалі ня выйшла нічога зь «Як ты» ў гурта Hasta la Fillsta, які спрабаваў быў Паліну завалакчы на рок-дзялянку, не атрымалася і з новым бэндам. Перадусім яе страшэнна псуюць цымбалы, якія ставяць тут абсалютна непатрэбны акцэнт — як музычна, так і ідэйна. Мінімалістычны варыянт з адной гітараю (ці зь ненавязьлівым суправаджэньнем) застаецца непераўзыдзеным, і менавіта ў такім выкананьні яна танчэй перадае настрой пакаленьня-1994, чым бравада Міхалка і зьедлівасьць Вольскага (пра ролю і месца гэтага сьпеву вельмі добра напісаў тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў, зірніце на яго старонцы ў Facebook). Тая ж справа зь песьняй «Дарэчы», якая пад адну гітару выглядае больш эмацыйнай, хуліганскай і нястрыманай, чым у суправаджэньні пяці інструмэнтаў.
Наогул жа, пры агульным такім вобразе сумнай пані, Паліна ў кожнай песеньцы вельмі розная з настрою — няма тут суцэльнай тугі, як няма і нястрыманай весялосьці. Тут маюць сэнс паўтоны і дужа няпроста падабраць адпаведнае гучаньне, каб за ім не згубіліся ўсе гэтыя штрышкі-наміначкі і настраёвыя перапады. Аранжыроўшчык Уладзімер Пыльчынка біўся з гэтай задачай і сям-там посьпеху дасягнуў — найбольш выдатна і гарманічна выглядаюць «Красавік», «Сарафан», «Лета», досыць цікава вырашаны «Рассвет». Абсалютна да месца гучыць акардэон у «МЖ», але чамусьці выкарыстоўваецца толькі тут (мусіць, каб не было падобна да музыкі гурта HandmadE, дзе таксама грае Пыльчанка). Адчуваецца, вядома ж, заціснутасьць пры запісе вакалу ў студыі і агульная мітусьня, у тым ліку пры выбары інструмэнтаў і музычных хадоў, што прывяло да не заўжды апраўданых экспэрымэнтаў (акрамя цымбалаў у «Як ты» можна прывесьці тут у прыклад хор у «Калыханцы»). Музыкі зьмянілі тры студыі, і відавочна, што шмат якія ідэі перагарэлі падчас руплівай студыйнай працы, не атрымалі свайго разьвіцьця, не знайшлі належнага ўвасабленьня. Таму ня скажаш, што гурт Паліны знайшоў сваё гучаньне, але тое, што ён на правільнай дарозе, — гэта дакладна. У гэтай далікатнасьці і паветранасьці якраз і бачыцца сэнс іх музыкі, а ў «Бясконцым красавіку» месцамі гэтага паветра і аб’ёму якраз не стае. Зрэшты, той, хто быў на канцэртах Паліны, ведае, што яна ўмее выдатна перадаваць вось гэтае чыста сваё адчуваньне свабоды і зусім нязмушанага палёту. Ад таго і ёсьць перакананасьць, што далей у Рэспублікі Паліны ўсё складзецца (у тым ліку і ў студыі) і яна зможа ўстаяць пад напорам нядобразычліўцаў і зласьліўцаў, якіх аказалася нечакана шмат.
Сяргей Будкін
КАМЕНТАВАЦЬ