Мэтро
16845 / 0
16.06.2018

«Мутнаевока». Новая лінія «Мэтро»

Трэці студыйны альбом «Мэтро» гурта «Мутнаевока» бярэ ўдзел у альбомным чарце на TuzinFM.

Музыкі ня лічаць сваю працу нейкай рэвалюцыйнай і не зьбіраюцца рабіць пераварот у музыцы. Стыль альбому яны клясыфікуюць як «гранж», які ўспрымаюць шырэй за музыку — для ўдзельнікаў гурта гэта лад жыцьця і лад мысьленьня. Лідэр каманды і аўтар усіх песень Яўген Змушка распавядае, што ўсе 10 трэкаў былі напісаныя на адным дыханьні, хоць і ў розны час.

«Агульная назва „Мэтро“ — гэта мэтафара чалавечых душаў. Як самае патаемнае і глыбокае, не навідавоку, але са сваёй сыстэмай руху, багатае на тунэлі цёмнай невядомасьці і са сваімі сьветлымі прыпынкамі. Дзе ўсе мы суседзі і незнаёмцы адначасова. Дзе ніхто з нас ня ведае, як выглядае месца, куды адяжджае цягнік пасьля заканчэньня руху, але мы дакладна ведаем, што гэтае месца існуе», — гэтак тлумачыць сэнс альбому Яўген.

Практычна ўсе песьні з альбому нячутыя. Толькі загалоўны трэк з альбому музыкі прэзэнтавалі раней у студыі Belsat Music Live, а напярэдадні рэлізу асобным сынглам выдалі песьню «Сады». Наогул жа, запіс песень, кажа Яўген, даўся нялёгка. У тым, каб матэрыял набыў належны выгляд вялікая заслуга саўндпрадусара Юрася Купрэвіча. Музыкі таксама дзякуюць усім, хто на працягу ўсяго часу дапамагаў у стварэньні альбома: сваім сем’ям, раёнам, у якіх вырасьлі, адданым прыхільнікам; асабістая падзяка Міры Маркевіч, Косьцю Пыжову, Глебу Лабадзенку і кампаніі «МаеСэнс».

Рэліз альбому «Мэтро» адбыўся на лэйбле «Пяршак».

TuzinFM