
Rahis. Музыка няспраўджаных надзеяў
Нягледзячы на агульны пазытыўны пасыл, новы альбом гурта Rahis працінаюць лёгкі сум і зьбянтэжанасьць — прыблізна такое ж адчуваеш, калі чытаеш на шыльдзе менскага сэканду «Одежда из Европы».
Прыемна даведацца, што Rahis не напаткаў лёс іншых гуртоў, якія яскрава пачыналі ў нулявых і ў нулявых жа бясслаўна заканчвалі кар’еру, не апраўдаўшы ўскладзеных на іх надзеяў. Яны атрымалі вядомасьць у менскіх моладзевых колах гадоў з 10 таму, выдалі супэрскі дэбютнік «Сшытак з тэкстамі і малюнкамі», зроблены чыста на эмоцыях, і зьніклі ажно на пяць гадоў з далягляду, каб вярнуцца зь сьпелай працай «Паміж сонцам і хмарамі».
Наіўны рамантычны флёр зьнік, хоць сьляды яго сям-там засталіся. Адчуваецца, што Дзяніс Філіпенка і Зьміцер Язьвінскі добра ўсё ўзважылі перад запісам, большую ўвагу аддалі аранжыроўкам і ўласнай вакальнай падачы, якая стала не такой нэрвовай і торганай (старыя прыхільнікі гэтага могуць і не дараваць). У музычным пляне яны таксама пачалі выглядаць цікавей, хоць стыль і застаўся нязьменным — лёгкі поп-рок з добра выпісанымі тэкстамі пра каханьне і Радзіму ад чалавека, якому каля 30. Гэтыя песьні лёгка кладуцца на слых і мамэнтальна развучваюцца на гітары. Толькі, на жаль, падхапіць іх няма каму — меркаваная аўдыторыя гэтага гурта захопленая іншымі музычнымі героямі і размаўляе на іншай мове. І гэтыя цалкам радыйныя рэчы ад «Рахісу» ня возьмуць у актыўную ратацыю мясцовыя FM-станцыі.
Нягледзячы на агульны пазытыўны пасыл, сьпевы пра сонейка, хмары і зьнічкі, альбом працінаюць лёгкі сум і зьбянтэжанасьць — прыблізна такое ж адчуваеш, калі чытаеш на шыльдзе менскага сэканду «Одежда из Европы». Уласна, і песьня пра Эўропу, якая за гэтыя 10—15 гадоў так і ня стала да нас бліжэйшай, тут і ёсьць эмацыйным цэнтрам альбому. Агулам жа з усіх 12 нумароў тут няма ніводнага прахаднога — асабліва чапляюць «Ты ўсё ўбачыш» і «НЛО», адзіная не аўтарская рэч (тэкст належыць Глебу Лабадзенку). Вельмі хочацца спадзявацца, што гэтая выдатная каманда ня зьнікне з далягляду да наступных прэзыдэнцкіх выбараў:).
Спампаваць альбом можна на афіцыйнай старонцы гурта.
Cяргей Будкін
КАМЕНТАВАЦЬ