Юр’еў дзень
Юры Несьцярэнка сам сабе зрабіў падарунак да 50-годзьдзя і выдаў альбом «Сьвята на дваіх» у вельмі рэдкім і дужа смачным фармаце — дуэтным. Тут сабраныя самыя важныя, галоўныя і кранальныя рэчы — свае і адна чужая, выкананыя зь вядомымі і ня дужа выканаўцамі.
Пра такіх людзей кажуць — ён на сваім месцы. Юры ўсё жыцьцё грае блюзы і рок-н-ролы, робіць гэта шчыра і сумленна, чым прыцягвае да сябе творчых людзей. Што тут казаць, калі Джон Фогерці і Андрэй Макарэвіч далі яму згоду на выкананьне сваіх песень па-беларуску. Але Несьцярэнка не паразытуе на чужым матэрыяле і на імёнах. У яго багата сваіх песень, і ён сам заўжды рады падтрымаць сваіх маладзейшых калегаў.
«Сьвята на дваіх» — гэта фактычна the best, таму тут няма прахадных нумароў. Пачынаецца альбом з клясыкі — беларускай вэрсіі «Have You Ever Seen the Rain?» гурту Creedence Clearwater Revival, што пяецца зь Ялфімавым. У прынцыпе, у такім олдскульным духу і зроблены ўвесь дыск — як ня мець ніякай інфармацыі, дык можна падумаць, што выйшаў ён дзе-небудзь у 80-х. Але хто сказаў што олдскул — гэта кепска?
Калі казаць пра цьвікі альбому, то гэта, вядома ж, выдатны блюз-рокавы нумар «Блюз белай ночы», выкананы з «Крамаю», у якім абыгрываецца назва Бялынічаў, дзе жыве музыка. І неверагоднай прыгажосьці — проста кінэматаграфічная баляда «Восеньскі мінор», запісаная з Ілонай Карпюк. Гэты сьпіс можна доўжыць. Свой непаўторны характар мае наіўная і суворая песьня пра «Два вазы», да якой далучыўся Алег Хаменка. Хіба што яна трошкі спазьнілася з выхадам — у 90-я яе тэкст яўна бы друкавалі ў песеньніках ды гралі бы падлеткі ў дварах, ну а «Сьвята вялікіх дажджоў» з Натальлей Алёхінай — гэта проста эпічна. Шкада, што яшчэ адна выдатная песьня Юрыя «Знаю столькі пяшчотаў» не была засьпяваная ў дуэце (ну, напрыклад, з Русяй) і не ўвайшла ў гэты дыск. Праграма наогул абрываецца раптоўна і нечакана — на 9-м трэку, фінальнай кампазыцыі, такой «песьні песьняў» на ёй не стае — трэба думаць, Несьцярэнка яе яшчэ піша і выдаць на 55-годзьдзе.
Альбом «Сьвята на дваіх» добра сведчыць пра розныя фарматы, у якім бліскуча можа працаваць гэты выканаўца. Ён можа стварыць лёгкі і запамінальны гіт, просты як зэдлік, а можа мысьліць маштабна, на ўзроўні рок-опэры. І нягледзячы на паважаны ўжо ўзрост, ёсьць адчуваньне, што аўтар гэтага альбому яшчэ зусім не раскрыўся на канца і ўсё ў яго яшчэ наперадзе.
Спампаваць альбом можна на Tuzin.fm
Сяргей Будкін
КАМЕНТАВАЦЬ