SnopSnoǔ. Увесь сьвет — танцпляц, а людзі ў ім танцоры
У альбомным чарце на Tuzin.fm адно з адкрыцьцяў-2016 у беларускай музыцы — гурт SnopSnoǔ прэзэнтуе свой дэбютны альбом «Танцпляц».
Гэты альбом гурт прэзэнтаваў улетку 2016-га. Тады пра яго чулі з нагоды аднаго сынглу ды выступу ў межах «Засьпявай 3.0». Песьню для конкурсу, дарэчы, ухваліў Лявон Вольскі ды стваральнікі фільму пра «Народны альбом». Але яе ў альбоме няма. Дэбютная праграма SnopSnoǔ уяўляе зь сябе суцэльны канцэптуальны аўтарскі пласт. Музыкі заяўляюць, што тут няма ніводнага лішняга элемэнту і гуку. Кожная нота і кожнае слова, эфэкты, паўзы — усё на гэтай кружэлцы мае свой сэнс.
Гурт SnopSnoǔ складаецца з трох чалавек і існуе з паўгоду. Але знаёмыя між сабою музыкі даўно. Вакаліст Сяргей Іваноў і бас-гітарыст Раман Еляневіч гралі раней у гурце «Джына», а Раман Жарабцоў на той час быў гукарэжысэрам каманды, а ў новым гурце перакваліфікаваўся ў бас-гітарыста. На выбар назвы паўплываў альбом Леаніда Фёдарава «Сноп снов», музыкі вырашылі напісаць яго на беларускі манер, лацініцаю. Сьпяваць вырашылі выключна па-беларуску. Бо цікава разьвівацца менавіта ў беларускамоўным рэчышчы і знаходзіцца ў гэтай культурнай прасторы. Ім нецікава быць чарговай групай зь Беларусі, якая сьпявае па-ангельску.
Усе песьні запісаў Раман Жарабцоў, а майстарынг зрабіў Канстанцін Пыжоў. Запісваўся матэрыял на хатняй студыі.
«Гэта альбом-гісторыя. Калі мы яго пісалі, мы стварылі вельмі канкрэтны вобраз: людзі, якія адчуваюць набліжэньне чагосьці непазьбежнага, кшталту канца сьвету, вырашаюць пры канцы атрымаць асалоду ад жыцьця. Гэта нібы танцы на касьцях, пір падчас чумы. І „танцпляц“ — менавіта тое месца, дзе гэта павінна адбыцца», — распавядае пра канцэпцыю праграмы вакаліст і аўтар песень Сяргей Іваноў. Музыкі заклікаюць нават у самых дрэнных абставінах умець знайсьці нешта жыцьцесьцьвярджальнае. «Ён сумны, але праз гэты сум прабіваецца надзея. Увогуле, мы намагаліся зрабіць альбом, у якім кожны элемэнт быў бы каштоўным. Кожная нота і кожнае слова, эфэкты, паўзы — усё на гэтай кружэлцы невыпадкова», — кажа Сяргей. Акрамя вакалу ён адказваў на запісу за сынтэзатары і электроніку.
«У нас не было мэты накруціць нейкі модны саўнд, мы ўвесь час экспэрымэнтавалі, спрабавалі рэалізаваць самыя розныя ідэі, дадаць нейкія цікавыя элемэнты і ў той жа час захаваць мінімалістычнасьць. Хочацца верыць, што ў нас атрымаўся ня проста набор песенек, а суцэльны твор, які захочацца слухаць ад пачатку да канца», — дадае гітарыст Раман Жарабцоў.
Па выніках году SnopSnoǔ трапіў у намінацыю «Адкрыцьцё году» ў беларускай музыцы і выступіў на прэміі «Героі году — 2016».
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ