
Trubetskoy: Сам сабе капітан
Павал Булатнікаў і кампанія пасьпяхова здалі экзамэн на права кіраваньня суднам, якое пакінуў капітан.
Частка ўдзельнікаў гурта «Ляпіс Трубяцкі» пасьля сыходу свайго лідэра аказалася ў сытуацыі, калі трэба па-новаму даводзіць сваю творчую дзеяздольнасьць. Пачалі яны, канечне, ня тое што з нуля — увесь мэнэджмэнт застаўся, уключна з прадусарам Яўгенам Калмыковым. Але самае галоўнае, што зьбераглося, — фірмовы жыцьцярадасны саўнд, за які адказныя сузаснавальнік ЛТ, гітарыст Руслан Уладыка, а таксама бубнач Аляксандар Старажук ды ўсюдыісны Алесь-Францішак Мышкевіч, адзіны навічок, які, аднак, імгненна стаў неад’емнай часткаю калектыву. Меўся яшчэ быць гітарыст Павал Трацяк, які нават паўдзельнічаў у першай фотасэсіі новага-старога гурта, але потым зьнік і знайшоўся ў Brutto. Ну і, вядома, Павал Булатнікаў, які ў дарэформенным гурце быў адказны перадусім за рамантычна-папсовы складнік. Цяпер яго пакрыцьцё стылістычна і вобразна значна павялічылася, у сувязі з чым зьявілася першая інтрыга дэбютнага альбому «Трубяцкіх»: ці дасьць рады Павал у ролі адзінага франтмэна і генэратара/правадніка ідэяў. Тое, што музыкі экстра-клясы зробяць вартасны прадукт сумневу не было. Але ці здолеюць прапанаваць ідэйны канцэпт і ствараць удалыя тэксты? У гэтым была другая інтрыга альбому.
Канцэпт па першым часе не выпісваўся. «Маленькі сьмелы карвет», які выправіўся ў вольнае плаваньне, хістала і матляла — яны прадставілі парачку досыць прахадных сынглаў і шэрых кліпаў, зрабілі малаўцямны фіт зь Лігалайзам і блякла сьпелі на пранізьлівы верш Багдановіча. Ня ведаеш, пра што напісаць песьню, — напішы пра карабель. Гэтым рэцэптам музыкі скарысталіся ў новым альбоме. Чакалася, што рэліз будзе перапоўнены вось такімі штампамі, стэрэатыпамі, штучнымі канструкцыямі і вобразамі, як у песеньцы «Девятый вал», якая пры гэтым мае патэнцыял народнага гіта, калі б ня прыкры пракол у выглядзе фразы «Погоня не стоіт того, чтоб бежать», — ясна, што не пра герб, але дужа рэжа слых. Часткова так і ёсьць — на альбоме прысутнічае яшчэ спарахнелая ўшчэнт тэма пра «Стаканы» і проста жудасна сканструяваная з пункту гледжаньня пісьменства «Гэтым разам». Але гэта ўсё аніяк не ўплывае на дакладны мэдычны факт: «Magister Bibendi» — альбом абсалютна жывога гурта, які мае што прапанаваць.
Ад «Ляпіса» ў «Трубяцкім» застаўся той самы мэлядычны нэрв, які якраз адсутнічае ў праекце Міхалка Brutto. Да ўсяго, музыкі захавалі той самы вобраз мысьленьня, уласьцівы «дакапіталаўскаму» ЛТ. «Целый год грустил, теперь танцую/Под тяжёлый аккомпанемент», — ён увасабляецца, напрыклад, вось у гэтых радках зь песьні «Лети», якая без сумневу ўпрыгожыла б хоць які альбом «Ляпісаў». Скажам, «Красоту» або «Тяжкий», зь якімі тут адчуваецца найбольшая мэнтальная повязь. Булатнікаў у «Magister Bibendi» абсалютна не губляецца і знаходзіцца на сваім месцы. Яго вакал зусім не прытамляе — перадусім таму, што ён спрабуе сьпяваць па-рознаму, адыходзячы часам ад сваёй саладжавасьці і спрабуючы розныя вобразы. Асабліва сымпатычна ён выглядае ва ўкраінскамоўным дэбюце «Зірніця» (кавэр на «Братоў Гадюкіных» ня ў лік), у беларускамоўнай «Купале» (у куплетнай частцы, бо прыпеў нібы зь іншай песьні ўзяты) і ў загалоўным трэку. Музыкі яўна не былі скаваныя патрабаваньнямі фармату, таму чаду даюць напоўніцу. Часам Trubetskoy гучыць зусім ужо брутальна і невытлумачальна, але пры гэтым — зноў жа! — не губляе сваёй пазнавальнасьці. Вярнулася б яшчэ духавая сэкцыя, была б наогул прыгажосьць!
Trubetskoy з годнасьцю выйшаў зь няпростай сытуацыі. Вельмі радуе, што музыкі не задаволіліся роляю кавэр-гурта, не загразьлі ў рубоне за старую спадчыну, а запісалі цалкам новы альбом прэміюм-клясы.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ