
CherryVata. Менш трып-гопу, болей року
Гурт CherryVata выдаў новы альбом «Daybreak» — першы пасьля 8-гадовай паўзы. Музыкі захавалі фірмовы стыль, але пры гэтым зрабілі сваю музыку больш рокавай.
Кампазыцыі для «Daybreak» праект запісваў у абноўленым складзе. Да заснавальнікаў CherryVata Зьмітра Літвіновіча і Аляксея Доўнара далучылася сьпявачка Кацярына Штырц. Сваю прагу да экспэрымэнтаў гурт прадэманстраваў у сумесным трэку з Vuraj, запісаны для праекту «Новае пакаленьне», які рабіў TuzinFM з тэлеканалам «Белсат». Дарэчы, на гэты альбом увайшоў першы за 14-гадовую гісторыю аўтарскі беларускамоўны трэк CherryVata «Вясна», прэзэнтаваны асобным сынглам напярэдадні рэлізу альбому.
«Мы вельмі радыя пасьля васьмігадовай паўзы выдаць наш трэці альбом. У ім мы захавалі фірмовы почырк CherryVata і яе ўнутраную свабоду. Цяпер менш трып-гопу, а больш рокавага і фанкавага хуліганства!» — зазначыў з нагоды прэм’еры на лэйбле «Пяршак» лідэр каманды Зьміцер Літвіновіч. Альбом сапраўды вельмі разнастайны, у ім можна знайсьці адсылкі да джазу, блюзу, гіп-гопу, даўнтэмпа. З назвамі трэкаў музыкі не мудрагелілі, а на вокладцы зьмясьцілі мора. Менавіта на адпачынку ў Баўгарыі ў Зьмітра нарадзілася ідэя «Daybreak». Яна тлумачыцца так: творчасьць жыве ў кожным чалавеку і яна бясконцая.
Альбом можна спампаваць, а пры жаданьні заплаціць за яго на афіцыйным Bandcamp гурту.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ