«З намі адбылася мадуляцыя». Міні-альбом ад новай Paulinn
У новым рэлізе Паліна Цімохіна дэманструе абноўлены фармат свайго музычнага праекту. Зьмянілася нават назва.
Раней праект Паліны зваўся Pauline, але дзеля непаўторнасьці вырашана было падкарэктаваць назву. Гэта супала і з музычным перафарматаваньнем ды абнаўленьнем складу. Так што ў EP «Мадуляцыя» па-сутнасьці паўстае зусім новы музычны праект. «Гэтая праца адметная тым, што ўпершыню я выступіла ў якасьці аўтара для дуэту, усе аранжыроўкі рабіліся ўласнымі рукамі і з выкарыстаньнем новых для нас мэтадаў і інструмэнтарыя», — кажа Паліна з нагоды прэзэнтацыі. У міні-альбом увайшло чатыры трэкі, у тым ліку дуэт з Уладам Чыжыкавым, які ня так даўно выклікаў фурор на ўкраінскім шоў «Голас краіны». Усе песьні — беларускамоўныя. Тры зь іх напісала Паліна Цімохіна, а трэк «Я слухаю музыку» належыць аўтарству клявішніцы Веранікі Крупіцы.
«Для нас гэтая праца — сапраўды „мадуляцыя“, мадуляцыя ў нашым творчым жыцьці. Яна адбылася і, спадзяемся, будзе працягвацца далей», — дадае сьпявачка.
ЕР даступны на ўсіх музычных он-лайн-пляцоўках. 16 сакавіка Paulinn выступіць з жывым сэтам у праграме Belsat Music Live.
У альбомным чарце на TuzinFM цяпер будуць удзельнічаць і EP, куды ўваходзіць 4—7 трэкаў. Менавіта гэтаму фармату выданьня сваёй музыкі цяпер усё часьцей аддаюць перавагу выканаўцы. Паўнафарматныя альбомы з васьмі і болей трэкаў запісваюцца ўсё радзей.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ