Не бяры да галавы
18814 / 0
19.04.2017

«Кашлаты Вох». Звар’яцець, каб застацца сабой

Гурт «Кашлаты Вох» называе свой новы альбом «Не бяры да галавы» фантасмагарычным поглядам на шматлікія праявы мазгавой чалавечай дзейнасьці.

У студыйны альбом фольк-панк гурту ўвайшло 10 песень. Праца над імі вялася цягам 2016 году на студыі «Каўчэг». Музыку стваралі ўсе разам гуртом, а тэксты да песень напісалі як лідэр каманды Вячка Красулін (1, 3—5, 10), так і іншыя ўдзельнікі гурту — Васіль Саковіч (6—9), Аляксей Самкевіч (2, пры ўдзеле Вячкі Красуліна). «Навакольны сьвет не ўспрымае твае намаганьні адаптавацца ў ім? А, можа, цябе хвалюе няшчаснае каханьне? Зарабляеш мала грошай, а сам уяўляеш зь сябе непрызнанага генія? Стаміўся ад бязглуздзіцы побач? Не бяры да галавы!» — вядзецца  ў звароце да слухачоў з нагоды рэлізу.

«Гэта наш фантасмагарычны погляд на шматлікія праявы мазгавой чалавечай дзейнасьці, — тлумачыць Вячка Красулін. — Рэфлексія на ўнутраны і зьнешні сусьвет. Перажываньні і перажыткі, здабыткі і страты. Расплюшчыць і знайсьці самае патаемнае — вось мэта. Вывернуцца і вярнуцца ў пункт збору. Застацца сабой праз дасягненьне абсалютнага вар’яцтва. Шырока ўсьміхнуцца сваёй недарэчнасьці і працягнуць шлях. Ня браць да галавы тое, чаго там не павінна быць».

Альбом запісваўся ў наступным складзе: Аляксей «Алоха» Самкевіч (рытм-гітара, бэк-вакал), Васіль «Мікалаевіч» Саковіч (калімба, бэк-вакал), Мікалай «Нікалас» Дашыневіч (дуда, блок-флейта), Аляксандр «Аляксандзер» Ажмякаў (бубны), Амір «Эмсі» Шадзі (сола-гітара), Крысьціна Сачыловіч (сэмплы), Вячка Красулін (голас, варган, дуда). Таксама ў запісе ўзялі ўдзел Глеб Анішчанка (бас, бэк-вакал), Паліна Курановіч (дыятанічныя цымбалы). Зьвядзеньне і майстарынг зрабіў Андрэй Лысоў.

Паслухаць і спампаваць альбом можна на афіцыйнай суполцы гурту.

TuzinFM