«Мерада». Сьвятла хопіць усім
«Проста вер» — гэта 10 кампазыцыяў, вытрыманых у ангельска-амэрыканскай стылістыцы, але перапрацаваных у беларускіх традыцыях.
Песьні, што склалі альбом, былі напісаныя задоўга да стварэньня гурта «Мерада» — з 2007 па 2012 год і былі крытычна пераасэнсаваныя і першаклясна аранжаваныя. У іх запісе ўзялі ўдзел найлепшыя беларускія музыканты, у ліку якіх — басіст Валеры Дасюкевіч (J:морс), клявішнік Іван Кучарэнка (Беларускі дзяржаўны музычны тэатар), бубнач Іван Махновіч (Lipnitsky Show Orchestra), клявішнік Канстанцін Гарачы (Apple Tea), Ігар Варашкевіч («Крама»), які сыграў на губным гармоніку, бубнач Аляксей Золатаў (Svet Boogie Band, Kriwi) ды іншыя.
«Проста вер» — гэта 10 кампазыцыяў, вытрыманых у ангельска-амэрыканскай стылістыцы, але перапрацаваных у беларускіх традыцыях. Музыкі дасягнулі арганічнага адзінства ўсіх складнікаў. Па-першае, тэхнічнасьці, якасьці, стылістычнай пісьменнасьці і пераемнасьці; па-другое, пачуцьцёва-эмацыйнай глыбіні; і па-трэцяе, глыбокага духоўна-сэнсавага кампанэнту.
Вось як тлумачыць паходжанне назвы альбома лідэр групы «Мерада» Стыў Крамер: «Хто хоць раз займаўся выданьнем альбома, той усьведамляе, што на кожным этапе зьвядзеньня, запісу цябе ўвесь час чакаюць нейкія цяжкасьці. І таму мы часта казалі сабе: ты проста вер — і мы абавязкова гэта зробім. Дзякуючы гэтаму ўсё атрымалася».
Ганна Крамер раскрывае філязофскі сэнс альбома: «Мы проста на некалькі гадоў адмовіліся ад частага канцэртаваньня, у нас у асноўным была студыйная праца. І за гэтыя гады ў нашым жыцьці адбылося вельмі шмат падзеяў, у тым ліку і трагічныя, было мноства цяжкіх момантаў. Давялося перагледзець цалкам сваё сьветаўспрыманьне, сьветаразуменьне. І гэта падштурхнула нас да таго, каб стварыць альбом, у якім галоўнае ня столькі, як чалавек ставіцца да чагосьці вонкавага, да сьвету, а тое, як ён менавіта да сябе ставіцца, а праз гэта і да іншых. Мы мелі час паглыбіцца самім у сябе і знайсьці там, унутры нешта сьветлае, добрае, — можа тое, што кожны чалавек павінен сам у сябе знайсьці, менавіта вось гэта сьвятло. Усе па-рознаму яго называюць — нехта божым сьвятлом, нехта душэўным. Менавіта да яго і зьвернуты альбом. Сонечны і сьветлы, і вокладка ў яго сонечная. У стварэньні альбома нам дапамагалі каля паўсотні чалавек. Усім ім наша сардэчная падзяка!»
Інтэрнэт-рэліз альбому адбыўся на партале Tuzin.fm.
Генадзь Шостак, для Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ