Re1ikt. Вандроўка ў беларускі Іншасьвет
У сваім новым альбоме «Лекавыя травы» гурт Re1ikt заносіць слухача ў беларускі Іншасьвет, дзе растуць цудадзейныя травы, гуляюць жывёлы надзвычайнае пекнаты ды дзеецца таінства.
Шлях да гэтага альбому ў гурта Re1ikt быў доўгім і пакручастым. За тыя чатыры гады, якія прайшлі ад выданьня іх дыску «Рэкі прабілі лёд» музыкі ўдосталь наэкспэрымэнтаваліся з формамі і стылямі, страцілі ды зноў набылі свайго вакаліста, стварылі чароўны саўндтрэк да фільму «У агні народжаная» ды знайшлі сябе ў кірунку, у якім іх уявіць раней было даволі цяжка, — фольк-рок. Народныя сьпевы ў рэпэртуар каманды пранікалі неяк неўпрыкмет — самым першым быў экспэрымэнт з «Ой рана на Йвана», пасьля — ня горшы за «Троіцу» перасьпеў «Тры янгалы», а дайшло да таго, што Re1ikt стаў хэдлайнэрам «Камяніцы» ды выправіўся ў этна-экспэдыцыю, а цяпер запісаў альбом, у якім пазыцыянуе сябе менавіта як фольк-рок гурт.
У альбоме «Лекавыя травы» адчуваецца моцны стрыжань — як ідэйны, так і музычны. Бабульчыны сьпевы разам зь сьвежанапісанымі аўтарскімі рэчамі тут спалучаюцца ў адно. Адрозьніць, дарэчы, што ўзятае ад народу, што прыдумана самімі музыкамі, а што пазычана ў клясыкаў, тут не ўяўляецца магчымым (і на вокладцы аўтарства трэкаў чамусьці не пазначанае), але для ўспрыманьня гэта ня так і важна. Дзякуючы выдатнаму нетаропкаму вакалу Ўладзімера Казлова, сакавітым аранжыроўкам ды ўдала падабраным тэкстам творыцца сапраўдная магія — і слухача заносіць у беларускі Іншасьвет, дзе растуць цудадзейныя травы, гуляюць жывёлы надзвычайнае пекнаты ды дзеецца таінства. Гэта сьвет беларускіх паданьняў, казак, легендаў, сьвет апавяданьняў Караткевіча, Коласа і Яна Баршчэўскага. Трапіць туды з наскоку немагчыма. Тут трэба падабраць код, інакш выйдзе дэкаратыўна і павярхоўна. І вельмі ўсьцешна, што ў Re1ikt выйшла яго разгадаць.
Музыку Re1ikt цікава слухаць і разблытваць. Гэта гурт, у якога няма лішніх, неабавязковых для праслухоўваньня ці прахадных трэкаў. Кожны нумар на «Лекавых травах» — твор мастацтва, прадуманы да дэталяў эпічны расповед з сваім драматургічным і музычным разьвіцьцём, сьціснуты ў часе да 4—6 хвілінаў. Вартае ўхвалы імкненьне музыкаў яшчэ болей разнастаіць сваю музыку з дапамогай экзатычных інструмэнтаў. На альбоме акром гітараў і бубнаў гучаць незвычайныя духавыя — амэрыканскі народны інструмэнт казу і брытанская бляшаная флейта — цін вістл, а таксама мэлёдыка і банджа (якое — зноў жа — забылі пазначыць на вокладцы). Узбагачэньне ў Re1ikt — ня значыць ускладненьне. Яны не занураюцца далёка ў псыхадэлічныя нэтры і застаюцца абсалютна дасяжнымі для разуменьня, больш за тое – іх творчасьць можа зайсьці слухачу ня дужа падрыхтаванаму. Паказальныя ў гэтым выпадку трэкі «Люцэрна» і «Зрушыць сьвет», лёгкія і простыя кампазыцыі — хоць ты на радыё бяры, каб толькі было ў Беларусі нармальнае радыё. Што яшчэ надзвычай важна — ужывую гэтыя песьні гучаць гэтак жа магутна, як у запісе, а гэта таксама дарагога каштуе. Re1ikt запісалі альбом, які ёсьць безумоўным гонарам беларускай альтэрнатыўнай музыкі.
Сяргей Будкін
КАМЕНТАВАЦЬ