Сом
4476 / 0
29.11.2016

Sounduk. Дзьвюхмоўны «Сом»

Гурт Ганны Хітрык запісаў альбом гісторыяў — асабістых, пачутых і ўбачаных ды крыху дадуманых. Па выніку атрымалася 16 песень, якія падзялілі на два дыскі.

Першапачаткова музыкі плянавалі зрабіць цалкам беларускамоўны рэліз — песьні ўжо былі напісаныя і адабраныя. Але падчас працы нарадзіліся новыя, якія таксама карцела ўключыць. Паколькі частка зь іх прыдумалася на расейскай мове, то прыйшла ідэя падзяліць дыск на дзьве часткі — 8 расейскамоўных кампазыцыяў на дыску №1, 8 беларускамоўных — на дыску №2.

Ганна Хітрык кажа, што кожны з нумароў гэтага дыску ўяўляе зь сябе гісторыю. Асабістую або блізкіх людзей. Практычна ўсе гэтыя песьні ўжо добра вядомыя прыхільнікам гурту, бо граліся на канцэртах, а некаторыя былі прэзэнтаваныя асобна. «Сёньня ня мой дзень» на словы Ўсевалада Сьцебуракі ўдзельнічала ў нашым чарце яшчэ тры гады таму, а сёлета ўвесну напярэдадні выхаду альбому гурт прэзэнтаваў «Давай сьмяяцца» на словы Касі Глухоўскай. Большасьць жа трэкаў з дыскаў належыць аўтарству Ганны Хітрык. Напрыклад, песьню «Улыбка» яна прысьвяціла свайму сыну Сьцёпу. Сама Ганна называе «Сом» альбомам атмасфэрным, «на плюсах і мінусах», таму ўласна і прыйшла ідэя падзяліць яго на дзьве часткі.

У запісе дыску акром Ганны Хітрык (вакал) таксама ўдзельнічалі віялянчэлістка Юлія Глушыцкая (экс-«Новае Неба» і «Дзецідзяцей»), бубнач Андрэй Сапоненка (граў у гуртах P.L.A.N., Flat, Zygimont Vaza, Kriwi ды іншых), басіст Павал Чымбаевіч («Дзецідзяцей», «Сьвята») ды Ягор Дзыгун, гітарыст прэзыдэнцкага аркестру, які выступае таксама з сольным праектам. Такому складу музыкаў яўна можна давяраць!

Дыск №1

Дыск №2

Tuzin.fm