Paspality
5931 / 0
17.09.2015

TerraKod. Танцы на спарахнелых сталах

Тое, што грае TerraKod, можна назваць фольк-мэталам на экспарт, якім беларускі слухач перакормлены, затое ў захапленьні суседзі. Берасьцейская каманда выдала альбом «Paspality».

«Paspality» — вынік шматгадовых пошукаў берасьцейскай каманды. На пачатку свайго шляху TerraKod спачатку асабліва не мудрыў, таму цалкам згубіўся ў плойме падобных гуртоў, якія звычайна пішуцца на афішцы фольк-фэстаў у другім шэрагу. Высновы былі зробленыя, склад істотна зьменены — абліччам каманды сталі зусім новыя людзі. Кася Леванюк, уладальніца моцнага фолькавага вакалу, ды Байсан, які дадаў дзеі трохі жвавасьці і разбавіў напевы сваімі вершамі. Іхні дуэт пабудаваны на кантрастах і найбольш ярка выглядае, напрыклад, у «Ночах» і «Брудных танцах». Кася прадстаўляе такі кансэрватыўны бок, роўненька пяе тэксты з фольк-зборнікаў, Байсан адказны за брутальны бок справы — рэчытатыў ды надрыўны рык — ягоная стыхія ад часоў гурта M.N.S.K. Бачна, што ім крута і весела, але перасьледуе ўсё ж адчуваньне пэўнай дысгармоніі (не музычнай — хутчэй канцэптуальнай), і ўцямнага пасылу ніяк не выпісваецца.

Тое, што грае TerraKod, можна назваць фольк-мэталам на экспарт, якім беларускі слухач перакормлены, затое ў захапленьні суседзі, дзе экспэрымэнты ва ўсіх магчымых стылях з сваім даробкам заўжды ў пашане. Можа быць, таму ў Польшчы іх прымаюць нашмат больш прыязна, чым тут. Зь іншага боку, гэты вось фолькавы складнік нібы абцяжарвае гурт, таму і ня бачна ў гэтым далейшага разьвіцьця. А можа быць, нашмат круцей і душэўней выйшла б, калі б Кася запела з свайго голасу, без гэтых імітацыяў і дэкарацыяў з дудой і строямі, калі б прагучалі рэальныя словы і праявіліся рэальныя эмоцыі, каб гэта быў рэальны шал і адрыў тут і цяпер, а ня танцы на спарахнелых сталах у забытай богам карчме.

Пры тым, што музыкі ў гурце граюць спрактыкаваная, альбом пакідае па сабе ўражаньне сырасьці і недаробленасьці. Гэта, канечне, на тры галавы вышэй за тое, як гучаў беларускі фольк-мэтал 10 гадоў таму, але па-ранейшаму не дацягвае да актуальнага саўнду. Няма ў нас саўндпрадусарскай школы, што тут зробіш, таму ходзяць-бродзяць такія гурты, як TerraKod туды-сюды ў пошуках сваёй гукавой карцінкі і ніяк знайсьці яе ня могуць.

У такім жа выглядзе TerraKod цалкам заходзіць на небанальных фолькавых вечарынах, можа выдатна разбавіць сваім выступам лякальны мэтал-фэст, але скласьці канкурэнцыю лідэрам кірунку — Gods Tower, Znich і Litvintroll — пакуль што ня ў змозе.

Tuzin.fm