Мітатворчасьць
7960 / 0
03.11.2016

Кацярына Ваданосава. Вандроўка ў часе

Першы сольны альбом сьпявачкі ўяўляе зь сябе збор мітаў і легендаў, а кожная песьня зьяўляецца кароткай казачнай гісторыяй.

Альбом завецца гэтак жа, як і першы паэтычны зборнік Кацярыны. Супадзеньне невыпадковае: большасьць тэкстаў песень былі прадстаўленыя ў зборніку ў выглядзе вершаў. Уласна сам альбом «Мітатворчасьць» — гэта збор мітаў і легендаў, якія паказваюць унутраны сьвет паэткі, музыкі ды сьпявачкі Кацярыны Ваданосавай. Дыск зьмяшчае адзінаццаць трэкаў, дзе кожная песьня — кароткая казачная гісторыя. «Я расказала гісторыю, якую сама хацела б пачуць; я стварыла ўласную міталёгію, якая арганічна ўпісваецца ў сьветаўспрыманьне беларусаў і, як ні дзіўна, здольная гарманічна існаваць у нашай паўсядзённай рэчаіснасьці», — кажа Кацярына пра агульную ідэю альбома.

У запісе альбому ўзялі ўдзел таленавітыя музыкі, была задзейнічаная вялікая колькасьць інструмэнтаў — ад віялянчэлі ды бас-гітары да цымбалаў ды беларускай дуды. Сама Кацярына таксама выступіла ў некалькіх ролях: сьпявачкі, аўтаркі тэкстаў ды музыкі, а таксама мультыінструмэнталісткі.

Музыка Кацярыны Ваданосавай — гэта на першы погляд несумяшчальны сынтэз беларускай народнай культуры, эўрапейскай музыкі эпохі Сярэднявечча, Рэнэсансу ды Барока, рокавых рыфаў і рытмаў. У кожнай песьні адбываецца працэс аб’яднаньня звычайнага жыцьця з магічным іншасьветам, у выніку чаго ўзгадваецца і нанова ўзьнікае сапраўдная міталёгія, крышку забытая, але закладзеная ў падсьвядомасьць кожнага чалавека.

Дызайн вокладкі альбома стварыў Яўген Барышнікаў. Жывая прэзэнтацыя «Мітатворчасьці» пройдзе на пачатку сьнежня.

Tuzin.fm