
«Такая доўгая зіма». Новы альбом Віктара Шалкевіча (прэм’ера!)
Гэтай падзеі прыхільнікі гарадзенскага музыкі чакалі 15 гадоў. Шалкевіч запісаў студыйны альбом новых песень ды яшчэ ў поўным гуку. Рэліз выйшаў падвоеным з 14 гітамі выканаўцы ў дадатак. Інтэрнэт-прэм’ера на TuzinFM!
Пра свой намер наведаць студыю, каб запісаць альбом Віктар Шалкевіч абвесьціў яшчэ пяць гадоў таму. Але далей за прэзэнтацыю канцэртных вэрсіяў новых песень справа за гэты час так і не даходзіла. Папярэднія два альбомы гарадзенскага барда «Шчасьлівая сямёрка» (2010) і «Гарадзенец прызямліўся ў Менску» (2006) таксама ўяўлялі зь сябе канцэртныя запісы. І вось нарэшце на 60-годзьдзе музыкі пабачыў сьвет падвоенны CD «Такая доўгая зіма» з новымі запісамі і даўнімі гітамі. Усяго ў рэліз увайшло 33 трэкі — 9 зь іх зусім новыя, якія запісваліся ў студыі кляштару ў Баранавічах. Да кожнага зь іх музыка запісаў яшчэ прадмову. А ў другі дыск увайшло 14 абраных гітоў Шалкевіча, якія ў свой час былі запісаныя і зьведзеныя ў студыі «Радыё Беласток». Адмыслова да прэзэнтацыі на TuzinFM аўтар альбому падрыхтаваў прадмову.
Віктар Шалкевіч на канцэрце да ўласнага 60-годзьдзя, Менск, 2019 год, фота Леаніда Драздова
Хіба гады з паўтара таму да мяне падышоў вядомы гарадзенскі журналіст, грамадзкі дзеяч і проста харошы чалавек, Павал Мажэйка, дырэктар Цэнтру гарадзкога жыцьця ў Горадні, і запрапанаваў мне да майго 60-гадовага юбілею выдаць альбом…
Альбом запісваць вельмі цяжка. Арганізацыйных пытаньняў больш, чым творчых адказаў — з кім, калі, дзе, за якія грошы, што, хто будзе рабіць вокладку, дзе друкаваць дыскі, ці добра сыграе той ці гэты? Але грошы знайшліся, і якраз на дзевяць песень…
З досьведу працы над папярэднімі альбомамі ведаеш адно — важна ўсіх пазьбіраць, сустрэць, напаіць, накарміць, прымусіць зайграць тое, што ты хочаш, з другога ці трэцяга дублю, аддаць ганарар, пасадзіць на найбліжэйшы цягнік ці ў аўтобус і адправіць дахаты.
Тое, што ты там насьпяваеш — гэта на апошнім месцы… Галоўнае — калектыў…
Ёсьць у файным горадзе Баранавічах пры кляштары айцоў вэрбістаў студыя гуказапісу, стварэньне якой дабраславіў сам кардынал Казімер Сьвёнтак, а парадку там пільнуе Вячаслаў Банкевіч, Слава, вельмі чуйны музыка і выдатны гукарэжысэр. Зь ім мы згаварыліся, што будзем працаваць, і Слава ўзяў на сябе адказнасьць за музычны бок, тым больш што ў яго меўся цэлы сьпіс харошых студыйных баранавіцкіх музыкантаў, сяброў і знаёмых.
Вось мы і запісалі дзевяць твораў, і атрымаўся альбом. Альбом падвойны — апрача новых песень, на другім дыску сабраныя чатырнаццаць найлепшых старых балядаў…
Канцэпцыя ягоная ў ім жа і выкладзена — перад кожнаю песьняю я распавядаю, чаму яна і нашто яна.
Прыемнага праслухоўваньня!
Віктар Шалкевіч
Віктар Шалкевіч — «Такая доўгая зіма» (2019)
У запісе ўзялі ўдзел:
Віктар Шалкевіч — музыка, словы, сьпеў, гітара
Віктар Грышук — сола-гітара
Анатоль Кандыба — клявішныя, майстарынг
Натальля Трухан — скрыпка
Фота — Ільля Гелей
Графічны дызайн — Зьміцер Гупянец
Прадусар — Павал Мажэйка
Яшчэ: Віктар Шалкевіч у Belsat Music Live (поўнае відэа)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ