«Восьмыдзень». Азірнуцца на мінулае, каб рушыць наперад
Фольк-рок гурт зь Віцебску прэзэнтаваў дэбютны альбом «Жнівень», запісаны праз 13 гадоў пасьля свайго стварэньня.
Менавіта з дапамогай гэтага рэлізу музыкі абвесьцілі, што яны жывыя і поўныя творчых задумаў. Каля васьмі гадоў пра іх не было нічога чуваць, але цяпер «Восьмыдзень» зноў сабраўся, каб скончыць пачатае колісь ды пайсьці далей. Уласна ў гэтым кірунку і раскрываецца назва альбому. Вакаліст Зьміцер Кавалёў тлумачыць, што жнівень — знакавы месяц у народнай традыцыі. Менавіта ў гэты час пажынаюць плён сваёй працы ды рушаць далей па колавароце жыцьця. Кірунак у гурту нязьменны — гэта народныя песьні ва ўласных апрацоўках. Матэрыял узяты са зборнікаў песень беларускага Паазер’я, Палесься, Гарадзеншчыны, Віцебшчыны.
«Жнівень» — гэта вынік працы трох музыкаў: Уладзімера Панова (бас-гітара), Дзяніса Воўкава (бубны) і Зьмітра Кавалёва (вакал, духавыя інструмэнты). Альбом запісаны на студыі гуказапісу «Vinyl» у Віцебску ў жніўні 2016 году. Саўндпрадусарам дыску стаў Аляксандар Юр’еў, вядомы зь індзі-поп праекту «TipToe».
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ