7+
19156 / 0
05.04.2018

Пазлы сышліся. By Cry склаў альбом з сынглаў

Гурт By Cry прэзэнтаваў свой другі альбом «7+». Музыкі заяўляюць, што іх творчасьць ня мае стылістычных і ўзроставых абмежаваньняў і яны граюць песьні для ўсіх.

У «7+» увайшло восем песень, якія ўжо знаёмыя прыхільнікам каманды. Кожны з трэкаў быў прэзэнтаваны ўжо ў выглядзе сынглу. Да ўсяго абсалютна ўсе песьні з дыску атрымалі сваё відэаўвасабленьне. Акурат так і вызначае свой творчы канцэпт каманда: «Песьня+кліп». «Мы наўмысна расьцягнулі выхад нашага альбома ў часе, каб кампазыцыі зь яго не стамляліся ў чаканьні, а радавалі адразу пасьля свайго нараджэньня. Кожны наш твор — гэта адлюстраваньне атмасфэры гурту на канкрэтным часовым адрэзку. Тут і цяпер усе пазлы сышліся, карціна сабрана», — кажа з нагоды рэлізу вакалістка каманды Аляксандра Грахоўская. Гурт ніяк не акрэсьлівае свой стыль і заяўляе, што іх творчасьць ня мае ніякіх абмежаваньняў — ані па ўзросьце, ані па музыцы. «Гэтыя песьні для ўсіх!» — вядзецца ў анатацыі да альбому.

Акром сямі аўтарскіх твораў у альбом увайшла апрацоўка народнай песьні «Ліпычка». Трэкі запісваліся на «Галапагос studio» і Cherry Records Studio. Прадакшнам, зьвядзеньнем і майстэрынгам займаўся Ільля Дмуха (DI ProMixMaster), акрамя фінальнага трэку, за запіс і зьвядзеньне якога адказваў Мікіта Касьцюкевіч. Усе кліпы на песьні з альбому «7+» сабраныя ў адзіны плэй-ліст.

TuzinFM