Swamp Stories
5092 / 0
07.04.2015

The Blue Devils. Дзень сурка па-беларуску

У сваім новым блюзавым праекце Сяргей Скрыпнічэнка расказвае пра тыя часы, калі існаваў яго стары праект zygimont VAZA.

Скрыпа — адзін з тых музыкаў, якіх ня бачна, але яны ёсьць. Хутка будзе 30 гадоў, як ён заснаваў свой першы гурт — той, які потым стане звацца zygimont VAZA і празь які пройдуць Саша Памідораў, Уладзімер Мулявін-малодшы, Косьця Калесьнікаў, Маша Яр, Вольга Самусік ды іншыя. Яго выступы на сцэне ў гэтым стагодзьдзі можна пералічыць па пальцах адной рукі (апошні выхад быў хіба ў 2008 годзе на Be Free). Скрыпу зручна весьці такое нетаропкае віртуальнае існаваньне, пісацца паволі ў хатняй студыі, каб даказаць тое, што ён узяўся расказваць у часы бурлівай маладосьці. Ці пражыць іх зноў.

Альбом «Swamp Stories» як бы і не належыць да спадчыны zygimont VAZA, хоць цалкам мог бы — настраёва, тэматычна і нават стылістычна, бо блюзавыя матывы ў творчасьці zV былі заўжды, хоць і клікалі гурт граць у асноўным на цяжкарокавыя і мэталёвыя імпрэзкі. Але на «Вазу» была пастаўленая кропка. Скрыпа стварыў фантомны праект The Blue Devils, у межах якога цяпер пражывае гэты самы свой дзень сурка. Яго герой мітусіцца ў пошуках ці то краіны, ці то жанчыны, ці то проста выпіўкі, з скрухаю назірае за гэтай згоднай на ўсё абывацельскай масай, задаецца пытаньнем «Ці патрэбны я тут?» ды б’ецца з гасьцямі ў выніку спрэчкі пра надзённыя тэмы (матэрыял пісаўся яшчэ да падзеяў ва Ўкраіне). «Swamp Stories» — заключны альбом трылёгіі, якая зьбіралася і пакавалася ад часоў «Вазы» і выкладзеная была адным махам на 7 лістапада 2014 году.

Праца гэтая прызначаная, па сутнасьці, купцы сяброў дзяцінства і юнацтва, паплечнікам-музыкам. Гэтыя шаблённыя найгрышы (жывыя і дыхаючыя пры тым!) служаць — як і належыць — тут фонам для аповеду, гранічна шчырага, у пэўнай ступені вясёлага ды іранічнага, а недзе ўпадніцкага і дэпрэсіўнага. А не для любаваньня сабою і сваімі мудрымі думкамі, як гэта часта здараецца. Усе гэтыя байкі паміж трэкамі з гісторыямі з жыцьця менскага андэграўнду 90-х (распавядае Ўлад Бубен і сам Скрыпа) тут маюць такую ж каштоўнасьць, як і ўласна песенны матэрыял. Г. зн. на першы погляд ніякай. Скажам, песенька «Крочаць рабы» выглядае ня больш чым адной зь мільёну стылізацыяў пад які клясычны блюз з дэльты Місысыпі. Гісторыя пра Толіка, што папярэднічае згаданаму трэку, ня мае аніякіх літаратурных вартасьцяў, ня цягне нават на анэкдот праз адсутнасьць належнай канцоўкі-разьвязкі. Але разам байка+трэк утвараюць сваю прастору і свой кантэкст — зьяўляецца ў гэтым свой сэнс і эфэкт. І ўсё ад таго, што Толік, хлопец адэкватны і разумны, як выпіўшы — называў усіх наўкол рабамі. Ды апынуўся ўрэшце ў вар’ятні — месцы дзеяньня шматлікіх песень Скрыпы.

Гэты цягучы (але ня млявы!) аповед варта гэтак жа і слухаць, смакуючы. Кідаць, вяртацца да яго ды зноў кідаць. Ставіцца да яго роўна як і Скрыпа да сваёй творчасьці. І тады гэтыя песьні раскрыюцца належным чынам.

Сяргей Будкін