Колер якога няма
19824 / 0
19.06.2017

TonqiXod. Дафарбуй сам

У сваім другім студыйніку «Колер якога няма» менскі рок-бэнд TonqiXod вырашыў больш пасваволіць без аглядкі на мітычнага непадрыхтаванага слухача.

Патас у дазволеных дозах, рок ува ўсіх яго іпастасях і спроба яго дэканструкцыі, сьціплая ф’южанутасьць з элемэнтамі непрыхаванага таннага цырку, — гэткім чынам прадстаўляецца слухачам альбом «Колер якога няма». Музыкі кажуць, што зрабіліся трохі больш сьмялейшымі з часоў дэбютніку: прыняцьце дзёрзкіх музычных рашэньняў адбывалася хутка і спантанна, яны меней азіраліся на нейкага мітычнага непадрыхтаванага слухача (раней, прызнаюцца, раскладалі там-сям падушкі бясьпекі). «Цяпер, калі вам чуецца нешта пухнатае і бясьпечнае, значыць, нам падалося, што гэтага вымагае сама музыка», — кажуць музыкі пра рэліз.

Што да гучаньня альбому, то як прызнаюцца ўдзельнікі трыё яны засталіся вернымі сабе і не намагаліся вычысьціць міксы да бляску, не выраўноўвалі кожны ўдар, пакінулі трохі жывой гразі і паветра.

2/3 грошай, выдаткаваных на альбом, TonqiXod сабраў з дапамогай краўдфандынгу, за што асобна дзякуе 120 спонсарам, якія іх падтрымалі, а таксама ўсім запрошаным музыкам і сябрам, якія аздобілі трэкі сваёй прысутнасьцю.

У запісе альбома прымалі ўдзел: Максім Субач (клявішныя, галасы, бас, мандаліна), Андрэй Аляксеенка (барабаны), Уладзімер Лянкевіч (галасы, гітары, бас), Віталь Эпаў (фагот), Вольга Бяляева (вакал), Настасься Папова (скрыпка), Фрыд Самотны (саксафон), Віктар Сямашка (флейта), Канстанцін Пыжоў (зьвядзеньне), Павал Сініла (зьвядзеньне, майстарынг), Алесь Кот-Зайцаў (фота), Васіліса Паляніна (дызайн).

Спампаваць альбом адным файлам можна на лэйбле «Пяршак».

TuzinFM