Альбом, які ўражвае і ўзрушае
Па шчырасьці, пры ўсім выканальніцкім таленце Сяргея Долгушава і яго калегаў раней яго праект «Vuraj» цяжка было ўспрымаць усур’ёз. З альбомам «Rajok» усё зьмянілася карэнным чынам.
Пасьля «Песьняроў» ды хвалі фольк-мадэрну 90-х зьдзівіць ці прынамсі зацікавіць сваёй інтэрпрэтацыяй беларускага фальклору вельмі цяжка. Ёсьць вялікая рызыка, што гэта будзе ўспрымацца другасна на фоне тых рэчаў, якія ўжо зрабілі ці робяць этна-трыё «Троіца», «Палац» ці маладзейшыя Kazalpin, Re1ikt ці Наста Някрасава. Альбо занадта штучна і дэкаратыўна, што адбываецца звычайна праз павярховасьць погляду на музычны народны даробак (на гэта пакутуе вельмі шмат нашых калектываў, што працуюць у плынях з прыстаўкай «фольк-»).
Па шчырасьці, пры ўсім выканальніцкім таленце Сяргея Долгушава і яго калегаў ранейшыя працы яго праекту «Vuraj» цяжка было ўспрыняць усур’ёз. Як жывое шоў гэта выглядала займальна і годна, а вось у запісе губляўся калярыт, ды і гучалі кампазыцыі досыць блякла. Таму альбом «Rajok» фактычна адкрывае наноў гэты калектыў, які мае ўжо за плячыма два выдадзеныя дыскі ды выступы на дзясятках фэстаў, у тым ліку «Краіна мрій», што ладзіць Алег Скрыпка, «Басовішча», «Камяніца». Тое, што зрабілі музыкі ў гэтай працы, уражвае і ўзрушае вельмі моцна.
«Rajok» — гэта вельмі арыгінальны погляд на беларускі фальклёр. Якраз тое, што завецца аўтарскім пераасэнсаваньнем народных твораў, а ня проста бяздумным падкладаньнем акордаў пад тэксты, знойдзеныя ў лёгкадаступным зборнічку. Такое магчыма толькі тады, калі выканаўца прасякаецца даўнім сьпевам напоўніцу і разблытвае яго глыбінны сэнс. У такім разе зьяўляецца новы погляд, экспрэсія, свая ўласная трактоўка, якая дапамагае слухачу адкрыць сусьвет пад назваю «фальклёр». Калі ўсё ж узяцца шукаць паралеляў, то гэты рэліз па глыбіні асэнсаваньня і агульнай атмасфэры з усіх беларускіх фольк-альбомаў найбольш падобны да самага першага дыску «Троіцы» (тады яшчэ не «этна-трыё») 18-гадовай даўніны.
На альбоме «Vuraj» няма аніводнай лішняй песьні. Абсалютна да месца тут выглядае і адзіны сярод вакальных нумароў інструмэнтал — танец «Полька», і палеская «Вэлытай, пэрэпылко» — самы драйвовы нумар праграмы, і вельмі цікава пададзеная «Купальская»… Нельга не адзначыць, наколькі выдатна ўвесь матэрыя аранжаваны, выкананы ды запісаны.
«Rajok» — альбом, якім можа ганарыцца беларуская музыка. І мы ўсе.
Cпампаваць альбом можна на Tuzin.fm
Vuraj — Rajok, 2014
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by
Цікава.
прыемны альбом. гук, аранжыроўкі, выбарка песень - усё выдатна. віншую гурт і слухачоў з такой трапнай працай!
ныццё
RAJOK - адзін з маіх найлюбімейшых альбомаў гэтага году. Выдатная праца, дзякуй вам!
Сапраўды, выдатная, можна нават сказаць - выбітная.
КАМЕНТАВАЦЬ