«Сямашка ды Кумпанія». Зь любоўю да Вэлязаводу
Новы альбом авангарднага праекту «Сямашка ды Кумпанія» прысьвечаны менскаму мікрараёну, якога афіцыйна няма, але ў якім аўтар жывае ад нараджэньня.
Афіцыйна Вэлязаводзкага мікрараёну няма. Часьцей яго называюць Вэлязаводзкім пасёлкам альбо зь нядаўняга часу Пралетаркай. Аўтар тэкстаў да альбому «Матавіла» Віктар Сямашка жыве тут ад нараджэньня. «Мая Радзіма пачынаецца адсюль. Цяпер тут задумалі зьнесьці паўсотню дамоў, у тым ліку тыя, што будавалі палонныя немцы ды легендарную лазьню на Фабрычнай. Баюся, што нашая даволі замкнёная й эклектычная тэрыторыя непадалёк ад цэнтру гораду зьменіцца ня ў лепшы бок, а магла б стаць у пэрспэктыве менскім Ужупісам», — кажа Віктар.
Вершы для гэтае праграмы стварыліся цягам васьмі гадоў. Музычнае вырашэньне паўстала перадусім дзякуючы кампазытару й хормайстру Максіму Іўкіну (гурт «Балцкі субстрат»). Першая дэманстрацыя «Матавілы» адбылася ў Лідзе ў «Ga11ery» ў акустычным фармаце. Акром імправізацыяў і загатовак, частка вершаў тады прагучала пад музыку Орды й Шапэна з дадаткам даксафона — інструмэнта, якія вынайшаў мясцовы музыка Аляксандар Блахін (гурт «Немо»). Другі паказ прайшоў у магілёўскім «Цэнтры Кола» ў электрычным гучаньні. Прычым, трэкліст перасякаўся зь лідзкім выступам толькі часткова.
Праграму «Матавіла» ў абодвух вэрсіях — акустычнай лідзкай і электрычнай магілёўскай — можна паслухаць і спампаваць праз акаўнт «Віктара Сямашкі ды Кумпаніі» на bandcamp.com. Выступ у Лідзе існуе й у больш поўным відэаварыянце. На суправаджальных да запісаў карцінках зьмешчаныя графічныя накіды Віктара Сямашкі-старэйшага.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ