Ад Міцкевіча да Вакарчука. Другі беларускі рэліз ад Мілы Ражковай
Cьпявачка з Масквы запісала другі студыйны беларускамоўны альбом, у які сярод іншага ўвайшлі творы на словы Адама Міцкевіча, Ёсіфа Бродзкага, Сержука Сокалава-Воюша і Сьвятаслава Вакарчука.
Альбом атрымаў назву «Беларуская мазаіка». Уласна ў гэтым і была ягоная задума — сабраць песьні розных часоў, розных жанраў і розных аўтараў на адзін дыск паводле галоўнага крытэру для сьпявачкі — гэта мусіць быць выдатная паэзія. «Я люблю добрыя вершы ў незалежнасьці ад мовы, на якой яны напісаныя. Мая музыка нараджаецца акурат з вобразаў, якія прысутнічаюць у паэзіі. І ў перакладах маіх песень я знаходжу зусім новыя вобразы, таму яны пачынаюць гучаць для мяне зусім інакш. А па-беларуску я сьпяваю, бо гэта надта мэлядычная мова і мне цікава адкрываць для сябе вашую культуру і спазнаваць беларускую душу», — зазначыла сьпявачка ў камэнтары для TuzinFM з нагоды рэлізу.
У альбом расейскай сьпявачкі ўвайшлі санэты Адама Міцкевіча ў перакладзе Кастуся Цьвіркі, песьні Мілы ў перакладзе паэткі з Горадні Альжбэты Кеды, пераклад сўінгу Сысі Рэдўік, які зрабіў Сяржук Сокалаў-Воюш. Беларускі паэт і бард адмыслова для гэтага альбому пераклаў таксама яе песьні «Рамонкі», «Вясковую песьню» на верш Ёсіфа Бродзкага, вядомую грузінскую песьню «Тбілісо» і кампазыцыю Сьвятаслава Вакарчука «Маці». Міла таксама выканала «Разьвітаньне з Радзімай» на словы Сокалава-Воюша і музыку Міхала Клеафаса Агінскага. Знайшлося месца ў «Мазайцы» таксама для аўтарскага прачытаньне беларускай народнай песьні «Цячэ вада ў ярок».
Міла кажа, што далёка ня ўсе напрацоўкі ўвайшлі ў альбом, так што ў будучыні можна будзе чакаць яшчэ адзін беларускамоўны альбом.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ