Navobmacak
1756 / 0
21.09.2019

Намацаць сваё. Другі альбом беларускага барда з Варшавы

Ільля Фаляжынскі прэзэнтуе на TuzinFM другі сольны альбом «Navobmacak», песьні зь якога былі напісаныя ў Менску і Варшаве, дзе цяпер жыве выканаўца.

«Navobmacak» выйшаў праз тры гады пасьля дэбютніку выканаўцы, што зваўся «Схавацца ў туман». Ільля кажа, што ад першай працы новы альбом адрозьнівае больш багатае аранжаваньне, якое зрабіў Дзьмітры Матуйза. Запіс песень адбываўся на Mapletree Studio ў Менску ў Алега Даманчука, а самі дыскі друкаваліся непасрэдна ў Варшаве, дзе музыка цяпер жыве, сканчае магістратуру і працуе. Як і ў першы альбом, у новы рэліз выканаўца ўключыў ня толькі песьні свайго аўтарства. Дзьве кампазыцыі («Kalinau most» і «Ni vierchu, ni dolu») створаныя на вершы паэткі Кацярыны Массэ. У якасьці бонусу на CD-выданьні таксама прысутнічае беларускамоўны кавэр песьні гурта T. Rex «Life Is Strange». Вокладку і аздабленьне альбому зрабіла мастачка зь Ліды Агата Гарэза.

Ад гэтага альбому Ільля вырашыў карыстацца ў афармленьні беларускаю лацінкаю, бо гэта таксама частка беларускай культуры, а да ўсяго выглядае стылёва і набліжае Беларусь да Эўропы.

CD-выданьне альбому можна замовіць непасрэдна ў выканаўцы праз Facebook.

TuzinFM