Laudans. Умець слухаць і чуць
У другім нумарным альбоме, які бярэ ўдзел у чарце на TuzinFM у новым сэзоне 2018/2019, музыкі разважаюць пра тое як дасягнуць поўнага адзінства.
У новы альбом хрысьціянскага поп-рокавага гурту ўвайшлі 12 сьпеваў на беларускай, польскай і ангельскай мовах. Тэксты большасьці песень «Адзінства», а таксама музыку і аранжыроўку да ўсіх кампазыцыяў напісалі стваральнікі каманды — Андрэй Лугін і Алёна Палачанская. У альбом музыкі ўключылі трэкі, на якія раней былі зьнятыя кліпы: гэта кампазыцыі «Той самы госьць» і «Воблака».
«У некаторых нашых сьпевах ёсьць вобраз узыходу. Гэта — нашае штодзённае змаганьне. Змаганьне за тое, каб годна жыць у Божых вачах, — кажа пра сэнс альбому Андрэй Лугін. — І, вядома, гэта няпроста. Людзям трэба аб’ядноўвацца, узаемадапаўняць адзін аднаго, тады наш шлях стане лягчэй. Пад адзінствам мы маем на ўвазе салідарнасьць, узаемную павагу. Мы лічым, што даказваць усім „сваю праўду“ — гэта яшчэ не адзінства. Адзінства — гэта калі мы ўмеем і слухаць, і чуць, і разумець іншых людзей».
У запісе дыску ўдзельнічалі Андрэй Лугін (вакал, рытм-гітара), Алёна Палачанская (сынтэзатар), Аляксей Нядзьведзкі (бас-гітара), Яўген Каско (барабаны), Ганна Горбач (бэк-вакал). Запісаў і зьвёў альбом лідэр Laudans, майстэрынг зрабіў Сяргей Кудзеліч (студыя Nerwrecords).
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ