
Haina. Рок-н-рол на баяне і скрыпцы
Дэбютны альбом менскага рок-гурта без гітараў, да стварэньня якога музыкі прыйшлі неплянавана, на інтуіцыі.
Гэты гурт унікальны тым, што выконвае рок-музыку, але пры гэтым не выкарыстоўвае гітары. З дапамогай баяну, скрыпкі ды бубнаў музыкі запісалі 11 трэкаў для свайго дэбютнага альбому (да гэтага быў выдадзены яшчэ міні-альбом «Мішэні»). Haina атрымаў магчымасьць папрацаваць 50 гадзінаў на студыі «Осмос» у якасьці прызу за перамогу ў намінацыі «Дэбют-2014» на прэміі «Даём рады», якую ладзіць «Еўрарадыё». І вынікам засталіся задаволеныя. Лідэр каманды Ільля Паплёўка ў камэнтары для Tuzin.fm прызнае, што музычны шлях, які абрала ягоная каманда — ня з самых простых:
«Наша ідэя вымагае бясконцага самаўдасканаленьня і разьвіцьця. Па сутнасьці, браць прыклад няма з каго, такіх гуртоў больш няма. Калі мы пачыналі — не было дакладнага пляну дзеяньняў, мы ўвогуле не былі ўпэўненыя, што нешта атрымаецца. Інтуітыўна вельмі хацелася граць, таму рабілі ўсё магчымае. Пасьля першых посьпехаў зразумелі, што такі склад і такі гурт — гэта цалкам нармальна. Нашы канцэрты і нашы слухачы натхняюць на новыя крокі», — сказаў музыка.
Ільля называе альбом «Прыцягненьне» падагульненьнем ужо зробленага і мастком у будучыню. «Па шчырасьці, калі мы толькі пачыналі выступаць, ня мелі аніякага пляну дзеяньняў ды наогул не былі пэўнымі, што ў нас нешта атрымаецца. Цяпер у нас упэўненасьці паболела і мы сасьпелі ўжо для вялікіх канцэртаў», — кажа Ільля.
Акрам Ільлі Паплёўкі (вакал, баян) у запісе альбому «Прыцягненьне» ўзялі ўдзел Кацярына Кузьміна (скрыпка), Аляксандар Кузьмін (бубны). Запіс, зьвядзеньне, майстарынг зрабіў Андрэй Акатаў.
Tuzin.fm
выдатная музыка. Але чаму такі сінтэтычны гук? Уражанне, што большасць інструментаў зробленыя ў нейкай праграме на ПК
КАМЕНТАВАЦЬ