Фотаздымкі 2003—2014
5404 / 0
25.11.2014

Самы важны дыск «J:морс»

Гэты дыск не запісваўся адмыслова і ўяўляе зь сябе падборку песень розных гадоў, якія з розных прычынаў не былі паказаныя ў свой час. Пры гэтым «Фотаздымкі» можна назваць надзвычай важным рэлізам з пункту гледжаньня маральнага, які пры гэтым уяўляе немалую творчую вартасьць.

Задуманы дзеля дабрачынных мэтаў, ён быў выдадзены накладам у адзін асобнік і выстаўлены на аўкцыён дзеля дапамогі хвораму хлопчыку Стасу Кірылаву. Эксклюзіўнае выданьне набыў больш чым за 23,5 млн рублёў бізнэсовец Сяргей Ждановіч, які не пярэчыў яго ўсеагульнай прэзэнтацыі ў сеціве. «J:морс» зноў увайшлі ў гісторыю (яны былі першым гуртом у Беларусі, які выдаў інтэрнэт-сынгл), цяпер як аўтары самага дарагога беларускага альбому. Ранейшы рэкорд належаў «Песьнярам» ды іх кружэлцы «Зачараваная», прададзенай таксама ў мэтах дабрачыннасьці за 1333 даляры ў 2008 годзе.

Пераважную частку дыску складаюць іншыя вэрсіі ўжо вядомых песень. Вэрсія песьні «Дождём», вядомай з альбому «Электричество» ды тызэру да фільму «Белыя росы. Вяртаньне», тут выглядае больш прывабнай дзякуючы электроннаму падкладу з прывітаньнем New Order. Цікавейшай за арыгінал выглядае і сўінг-вэрсія «Web-дизайна», а вось вучнёўская вэрсія «Майго сонца» па-ангельску выклікае ўсьмешку — не па-свойму Пугач пяе, неяк няўпэўнена.  Асаблівы інтарэс выклікае не публікаваная раней песьня «Фотаздымкі», напісаная яшчэ ў часы альбому «Босиком по мостовой» (2006). Трэк у фірмовым стылі «J:морс». Калі музыкі бяруцца за беларускамоўны сьпеў, то іх гучаньне набывае асаблівую далікатнасьць ды інтэлігентнасьць. Можа быць, «Фотаздымкі» — ня супэргіт узроўню «Так-цік-так», але яўна трэк ня горшы. Зь нетаропкім рэгі «Піва» — найстарэйшай песьняю на альбоме ­— сытуацыя іншая. Яна была вядомая сярод прыхільнікаў, але так і не ўвайшла ў ніводзін альбом гурта. Яшчэ цікавостка — «Ангелы не спят», запісаная зь дзіцячым хорам «Фэст», што надала і так душэўнаму твору яшчэ большай празрыстасьці. Наогул жа, на гэтым дыску няма аніводнай прахадной кампазыцыі, хоць яны і розныя па часе ды ступені гатоўнасьці.

Бясспрэчна, «Фотаздымкі» ўяўляюць аднолькавую цікавасьць як для прыхільнікаў каманды, бо цікава паслухаць трошачкі іншыя вэрсіі песень, якія ў арыгінале маглі ўжо навязнуць на вушах, так пасуюць і для першага знаёмства з гуртом, бо ўяўляюць зь сябе някепскую дэманстрацыю творчых магчымасьцяў музыкаў. Гэткі выкшталцоны «зэ бэст» атрымаўся.

J:морс — Фотаздымкі 2003—2014

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by