Уцякаць
3903 / 0
27.12.2018

Purple Sunset. Дыхаць паветрам свабоды

Рок-гурт зь Вялейкі прэзэнтуе ў трэцім туры альбомнага чарту на TuzinFM сваю новую працу «Уцякаць».

Другі альбом вялейскага рок-гурта афіцыйна пабачыў сьвет 9 кастрычніка 2018 году. У рэліз увайшлі 8 песень, тры зь якіх інструмэнтальныя. Над запісам і зьвядзеньнем альбома музыкі працавалі самастойна. Музыка гурта ўвасабляе сабой спалучэньне арт-року, прог-року, альтэрнатыўнага року, гард-року з дамешкам іншых стыляў, разбаўленае сынтэзатарамі і сэмпламі. Новы альбом гучыць крыху цяжэй за дэбютнік «На шляху да твайго раю», а песьні сталі больш складанымі па структуры.

«Галоўны прынцып нашай музыкі — усе ідэі, якія ўзьнікаюць у галаве, павінны гучаць максымальна натуральна. Для нас важная поўная свабода. І нішто не павінна гэтай свабодзе замінаць», — адзначае вакаліст і клявішнік гурта Аляксей Клямята.

Што да зьместу, то музыкі сьпяваюць пра праблемы, якія іх хвалююць. Асабліва ўвага надаецца экалягічнай і антываеннай тэматыцы. «Непрыемна ўсьведамляць, што чалавек — адзіная ў прыродзе істота, якая зьнішчае сабе падобных. У будучыні нас можа чакаць жывёльнае змаганьне за месца пад сонцам і рабаваньне плянэты альбо квітнеючы сусьвет, дзе людзі паважаюць і трымаюцца адзін аднаго ў барацьбе з глябальнымі выклікамі. Наш пасыл: любіце сусьвет, любіце прыроду, любіце адно аднаго», — кажуць аўтары альбому.

Больш інфармацыі пра гурт можна дазнацца праз афіцыйную суполку.

TuzinFM