Dzivia. Паган-аркестар, які навявае жах
Праект Dzivia прэзэнтуе ў чарце на TuzinFM свой новы альбом «Rujnuj», праца над якім вялася 6 гадоў.
Працу над альбомам лідэр Dzivia Артур Матвіенка пачаў адразу пасьля запісу свайго дэбютнага дыска «Жняяр мрояў», па выхадзе якога ён быў намінаваны на «Адкрыцьцё году ў беларускай музыцы на прэміі «Героі году — 2013». «Гэтыя 12 кампазыцыяў аб’яднаныя агульным вайбам. Хоць галоўнай ідэі ў альбоме няма, ён як мазаіка складаецца з розных трэкаў, кожны зь якіх зьяўляецца неад’емнаю ягонай часткаю. — кажа аўтар. — Месцамі гэта марозны паўночны вецер, які апальвае скуру, а часам — цёплы восеньскі дождж, які сьпявае сваю песьню». Артур папярэджвае, што ягоная праца можа выклікаць лёгкі дысананс, бо моцна адрозьніваецца ў стылістычным пляне ад папярэдняга альбому. І заўважае, што некаторыя трэкі з «Rujnuj» могуць навяваць жах і выклікаць адчуваньне безнадзейнасьці. «Ну вось, напрыклад, тэкст трэка „Ворыва“ пра старога чалавека, які закопвае ў жоўтым полі нейкія антрапаморфныя целы. Ён закопвае іх па пояс побач з барвянымі слупамі, што тырчаць зь зямлі як расліны. Але яны з плоці. І яны „растуць“ у гэтым полі. Іх плоць гніе пад пякучым сонцам. Некаторыя зь іх ужо мёртвыя. Яны раскладаюцца. У канцы яны ўсе паміраюць, а стары чалавек носіцца ад цела да цела, рыдаючы і спрабуючы „ажывіць“ іх. А ў ветры носіцца слова „руйнуй“».
Лідэр Dzivia кажа, што ў сваіх тэкстах выкарыстоўвае вялікую колькасьць мэтафараў (у тым ліку кёнінгаў), пэрыфраз, рэлігійных адсылак. Гэта зроблена для таго, как нічога не было відавочным, аўтар хоча, каб кожны інтэрпрэтаваў ягоны тэкст па-свойму. Што тычыцца стылістычнага кірунку — то выканаўца вызначае яго як Pagan Orchestra. Бо яго музыка гэта спалучэньне рытуальных барабанаў, сымфанічнага аркестру, этнічных інструмэнтаў і розных сьпеваў. Асабліва нязвыклым можа здацца гроўлінг пад сымфанічны аркестар.
У запісе альбома прымала ўдзел мноства музыкаў, сярод іх Igor Maele (Nebulae Come Sweet), Марыя Піліпавіч, Эльвіра Сьцельмашук (Omut), Anton Shnip (Irdorath, Serdce), Алег Зелянкевіч. Вокладку намалявала Анастасія Сярова. Больш інфармацыі — у афіцыйнай суполцы праекту.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ