Белая вада
8079 / 0
05.01.2015

«Крама». Доўгая дарога дамоў

Самы доўгачаканы дыск 2014 году — «Белая вада» — ад заснавальнікаў беларускай плыні блюз-року.

«Крама» ў беларускай музыцы, як, скажам, Rolling Stones у брытанскай, дасягнула таго ўзроўню, што кожны іх новы трэк — падзея безумоўная. І самы смак іхняй творчасьці — у нязьменнасьці стылю. Ніхто акром іх у гэтай краіне, як ні імкнуўся, ня здолеў падаць блюз-рок такім чынам, што яго можна прыняць за нашу каранёвую музыку. З улікам усіх гэтых момантаў кожны новы рэліз ад «Крамы» ня тое што доўгачаканы — ён папросту неабходны як паветра ўсім тым, хто заглыбіўся калісьці ў беларускі кантэкст, у тым ліку дзякуючы «Хвораму на рок-н-рол» і «Камэнданту» (а з улікам «Бонды» — дык яшчэ й дзякуючы «Слуцкай браме» ды «Ура»).

Як тыя ж Rolling Stones, «Крама» запісвала альбом на год, а потым збавіла абароты да аднаго рэлізу на 3—4 гады, пасьля чаго перапынак павялічыўся да шасьці гадоў. Паўза між «Белай вадой» і папярэднім «Усё жыцьцё дзіўны сон» (2007) наогул склала столькі, колькі не жывуць беларускія гурты. Зрэшты, музыкі раз-пораз дэманстравалі сваю творчую дзеяздольнасьць, абраўшы тую ж стратэгію, што і гурт «Палац». Недзе раз на паўгоду-год паказваецца адна новая песьня, і па выніку рэліз, што выходзіць празь сем гадоў, успрымаецца не інакш як The Best. У выпадку зь «Белай вадой» яшчэ да выхаду альбому гітамі (калі можна так сказаць пра гурт, адключаны ад ТВ і радыё) сталі «Дзякуй богу, мы ідзем дамоў», «З новым годам» і «Дзяўчынка».

Дарма Варашкевіч кажа, што ў яго альбоме няма канцэпцыі, — яна праглядаецца вельмі яскрава, і перадаць яе можна якраз словамі адной зь песень — «Шлях праз багну». Музыкі вандруюць па сваёй жа творчасьці, выцягваючы нешта зь мінулага, каб скарыстацца гэтым для далейшага пракладаньня дарогі. Ад таго, уласна, тут і дарога ёсьць цэнтральным вобразам, і наогул перасьледуе адчуваньне, што гэты альбом мог выйсьці калі заўгодна ад часу прыходу Варашкевіча ў музыку. Тут ёсьць песьні, якія выдатна б упісаліся ў рэпэртуар «Бонды», якая ў першай палове 1980-х разам з «Мрояй» распачала незалежны рок-рух. Гаворка пра песьню «Твой накірунак», напісаную, дарэчы, яшчэ ў 1995 годзе ў бамбасховішчы завода «Крыніца», дзе паўстаў альбом «Камэндант». «З Новым годам!» якраз нібы ўзята з гэтага самага рэлізу. А вось «Сумны брат» просіцца ў «Хворы на рок-н-рол». «Колькі дарог» пасуе па атмасфэры да часоў «Што дапаможа нам», «Вышэй за дахі» рыхтык з дыску «Жыцьцё — дзіўны сон». Самы слабы — найперш у тэкставым пляне — нумар з альбому «Песьня пра сяброў» і тое ня карціць пхнуць, бо надта ён добры і па-трушнаму наіўны, як і ранейшыя тэмы тыпу «Бугі ў начы» ці «Круціся, стужка».

Ну а па ўзроўні запісу гэты альбом непараўнальны з ранейшымі «крамаўскімі» рэлізамі, асабліва мінулага стагодзьдзя. У гэтым пляне «Белая вада» ці не найлепшы альбом у дыскаграфіі Варашкевіча і Ка. Хоць чаго ўжо там — новы альбом «Крамы» паводле ўсіх прыкметаў варты таго, каб лічыцца адной зь вяршыняў беларускай рок-музыкі.

Паслухаць/спампаваць альбом можна на Afisha.tut.by.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi: