Паддон
2677 / 0
28.03.2019

Кампанія Віктара Сямашкі. Без купюр

«Віктар Сямашка ды Кумпанія» прэзэнтуюць у альбомным чарце на TuzinFM свой новы канцэртны альбом «Паддон», у запісе якога ўзялі ўдзел былыя ўдзельнікі гурту TonqiXod і брытанскі саксафаніст.

Віктар адразу папярэджвае, што чатыры дзяўчыны на вокладцы ня маюць да гурту дачыненьня — гэта свабодны для выкарыстаньня стокавы фатаздымак ад Тыма Савэджа, якім вырашана было праілюстраваць рэліз.

Склад «Кумпаніі» захаваў якасьці «супэргрупы»: за рытм-сэкцыю на запісе адказваюць былыя ўдзельнікі гурту TonqiXod Уладзь Лянкевіч і Андрэй Аляксеенка, Дзяніс Кудраўцаў зь «Sinie Gory» сыграў на гітары, а брытанскі падданы Філіп Палмэр на саксе. А лідэр праекту дэклямуе ўласныя вершы, у перапынках саліруючы на клярнэце ды флейце. Магчыма, праз асаблівасьць вершаў гэтая праца атрымалася найбольш асабістай з больш чым сотні рэлізаў Віктара.

Запіс альбома «Паддон» адбыўся ў студзені 2019-га ў Ruin Bar, што на вуліцы Кастрычніцкай у Менску. Выступіць «Кумпанію» запрасіў саксафаніст Фрыд Самотны (Masque Noir), гук наладжваў Мікіта Арлоў («Союз»). Як заўжды, абышлося без папярэдніх рэпэтыцыяў і загадзя падрыхтаванага матэрыялу, за выключэньнем тэкстаў. У характэрны джазава-псыхадэлічны саўнд праекту дадаліся ўплывы гардкору («Вясельле»), блюзу («Дрэрываба») ды баўгарскіх танцаў («Карагод»). Асаблівай увагі варты першы трэк «Рэжым», які дапамагае найлепш зразумець аўтара. Жывы сэт прадстаўлены на альбоме ад пачатку да канца без аніводнае купюры.

Найбліжэйшы вялікі выступ «Віктара Сямашкі ды Кумпаніі» ў падобным фармаце адбудзецца 13 красавіка ў Магілеве ў «Цэнтры Кола». Таксама рыхтуюцца да выданьня запісы, зробленыя летась падчас канцэртаў у Вільні.

TuzinFM