Альбом, да якога Юзары ішоў восем гадоў
Сьпявак Uzari прэзэнтаваў свой дэбютны альбом «Падзяка сэрца». Цалкам беларускамоўны.
Юзары падзяляе сваю творчую біяграфію на два этапы — першы, калі ён працаваў як сольны сьпявак, прадстаўляў Беларусь на шэрагу буйных конкурсаў, як «Новая волна» і «Эўравізія». З 2016 году сьпявак працуе ў фармаце гурта. Па выхадзе першага сынглу «Мора», які перамог у чарце на «Тузіне», ён заявіў, што надалей зьбіраецца працаваць перадусім на беларускай мове. З таго моманту ў рэпэртуары Юзары зьявілася нямала яркіх песень, якія атрымлівалі розныя ўзнагароды, траплялі ў радыё і тэлератацыю ў Беларусі, Польшчы, Украіне, Латвіі, гучалі ў якасьці саўндтрэкаў ва ўкраінскіх фільмах.
Нягледзячы на тое, што альбом высьпяваў фактычна восем гадоў, а самі трэкі запісаныя ў розны час і з рознымі музыкамі, Юзары лічыць, што праца атрымалася цэльнай. «Для мяне істотны момант, што ўсе гэтыя песьні, якія атрымалі прызнаньне тут і за мяжою за гэтыя гады, аб’ядноўвае тое, што ўсе яны напісаныя на роднай мове. Яны важныя для мяне, бо ілюструюць мае развагі і пачуцьці. Цяпер яны сабраныя разам у адзін альбом», — кажа з нагоды рэлізу сьпявак.
Альбом «Падзяка сэрца» даступны на вядучых музычных плятформах у сеціве.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ