
Purple Sunset. Гісторыя аднаго вар’яцтва
Вялейскі рок-гурт Purple Sunset прэзентуе на TuzinFM свой трэці альбом «Паветраны замак», у якім распавядаецца гісторыя жыцьця хворага душою чалавека ў хворым грамадзтве.
«Паветраны замак» — праца канцэптуальная. Асноўная тэма альбома — гісторыя жыцьця хворага душою чалавека ў хворым грамадзтве. Галоўны герой праходзіць шлях ад бесклапотнага летуценьніка да цынічнай крыважэрнай істоты.
«Чым больш дарослым становіцца чалавек, тым зь меншай цікавасьцю ён глядзіць у будучыню. Наша грамадзтва хворае на жорсткасьць і бесчалавечнасьць, абыякавасьць калектывізму да лёсу простага чалавека, зь якога так проста зрабіць забойцу і вар’ята. Нішто не ламае больш, чым абыякавасьць, калі ты трымаесься з апошніх сіл і душа прагне ўсяго толькі добрага слова. Чалавек адказны ня толькі за дабро, але і за зло на гэтай плянэце», — пішуць музыкі ў анатацыі да альбому.
Музыка гурта ўвасабляе сабой спалучэньне арт-року, прог-року, альтэрнатыўнага року, разбаўленае сынтэзатарамі і сэмпламі. Удзельнікі Purple Sunset падкрэсьліваюць, што канкрэтнымі стылістычнымі межамі сябе не абмяжоўваюць і адкрытыя да экспэрымэнтаў.
У альбом «Паветраны замак» увайшлі 6 кампазыцыяў, адна зь якіх — «Да гармоніі/Пераменны настрой» — інструмэнтальная. Над запісам і зьвядзеннем альбома музыкі працавалі самастойна.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ