«Мы не такія, якімі нас хочуць зрабіць». Loudscage ідзе насуперак трэндам
Ню-мэтал гурт Loudscage на чале з вакалісткай Марго Давідовіч прэзэнтуе на TuzіnFM свой новы рэліз «Ніколі-Назаўжды», у які ўвайшлі чатыры зусім сьвежыя беларускамоўныя трэкі.
Музыкі называюць ЕР «Ніколі-Назаўжды» новым этапам у жыцьці гурта. Паводле задумы, гэты рэліз распачынае трылёгію, якая мае агульную канцэпцыю.
«Мы вымушаныя прыстасоўвацца да соцыюму пад уплывам цяперашніх трэндаў: мы ствараем не ўласьцівы нашай сутнасьці вобраз, адбудоўваем манеру паводзінаў, якая не адпавядае нашаму ўнутранаму адчуваньню і надаем увагу рэчам, у якіх ня тое, каб мелі рэальную патрэбу. І ў выніку адмаўляемся ад сваіх сапраўдных жаданьняў, — разважае вакалістка гурта Марго Давідовіч. — Гэтым і далейшымі двума рэлізамі мы хочам паглыбіць слухача ў іншы сьвет, у якім можна адчуць сябе свабоднымі ад зьнешняй сумбурнасьці і часам зусім алягічнай рэальнасьці».
Па вызначэньні саміх музыкаў, іх ЕР уяўляе зь сябе ню-мэтал з жаночым вакалам у стылі пост-гранжу. Усе чатыры трэкі былі запісаныя на студыі Moon Fox Records.
Паслухаць альбом можна таксама на старонцы гурта «Ўкантакце».
TuzіnFM
КАМЕНТАВАЦЬ