Ірляндзкія матывы
5052 / 0
29.05.2014

Ірляндзкі альбом Камоцкага (прэм’ера!)

Ірляндцы і беларусы — братэрскія народы, не іначай. «Ірляндзкія матывы» Алеся Камоцкага якраз пра гэта сьведчаць.

Ірляндзкія матывы ў сучаснай беларускай музыцы сустракаюцца досыць часта. Да яе актыўна зьвяртаюцца гурты сярэднявечнай музыкі, рок-музыкі ды выканаўцы аўтарскай песьні. Недзе ў сярэдзіне 00-х, калі ў Менску піва Guinness перастала быць рэдкасьцю, а дзень Сьвятога Патрыка стаў ледзьве не нацыянальным сьвятам, стала фармавацца цэлая «ірляндзкая хваля» ў нашай музыцы. Тэму «жыцьця і справаў сьвятога Патрыка» закрануў Лявон Вольскі з «Крамбамбуляй», гурт Ejrut узяўся беларусізаваць ірляндзкую культуру, «Бостонское чаепитие» ды яшчэ шэраг гуртоў натхніліся на дзейнасьць дзякуючы ірляндзкаму фольк-панку, летась вельмі моцны альбом гераічных ірляндзкіх песень запісаў гурт Ceilidh Ceol. Таму «Ірляндзкі альбом» Алеся Камоцкага выглядае абсалютна лягічным працягам гэтай тэндэнцыі і дадатковым сьведчаньнем таго, што ірляндцы і беларусы — братэрскія народы, не іначай. Паралеляў між гэтымі краінамі сапраўды можна правесьці нямала. Некаторыя дасьледчыкі наогул кажуць пра Ірляндыю, як «люстэрка беларускай гісторыі». Падабенства гістарычнага лёсу, моўная сытуацыя, наяўнасьць магутнага ўсходняга суседа, залежнасьць ад бульбы ўрэшце рэшт ды яшчэ нямала чаго (тым, хто зацікавіцца глыбей — спасылка ў дапамогу).

Камоцкі сабраў на сваім альбоме вядомыя ірляндзкія народныя песьні, якія падаў у сваёй уласьцівай манеры — вельмі тонка і душэўна, з далікатнымі аранжыроўкамі, прасьпяваныя лагодна і мякка, можа часам нават аж занадта. Вядома ж, кожны тэкст пераасэнсаваны наноў. Гэта ня проста пераклады, а як гэта бывае ў Камоцкага — фактычна новыя творы па матывах ужо вядомых (згадаем выдатны альбом перасьпяваных савецкіх песень «З бацькоўскай кружэлкі»). Альбом запісаны ўжывую і,  відаць што зь першага дублю, безь перапісваньняў. Зь нядаўняга часу Камоцкі вырашыў адмовіцца ад карпатлівай студыйнай працы на карысьць жывой эмоцыі і музыкі, створанай у канкрэтны час і ў канкрэтным месцы.

Альбом выглядае на супольны музычны праект, бо асноўныя вакальныя партыі выконваюць яшчэ шэраг запрошаных музыкаў: Алеся Сівохіна пяе «Чырванее на заходзе», Анатоль Лабанок — «Верасьнёвым паркам», «Сонца сьвеціць» выконвае Алег Змушка, а Іна Перасецкая-Малаковіч — «Ліст залаты». Да ўсяго Іна разам з мужам Андрэем Малаковічам (Dzivasil) разнастаілі гучаньне альбому, узяўшы ўдзел ва ўсіх трэках у якасьці інструмэнталістаў.

Альбом рабіўся яўна безь вялікай прэтэнзіі на скарэньне масаў, з разьлікам на сяброў і сталую падрыхтаваную аўдыторыю. Якраз тым, хто здольны адшукаць сэнс у глыбіне простых словаў.

Спампаваць альбом «Ірляндзкія матывы» адным файлам можна на Tuzin.fm.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org