Akute. Як гіпстэры абставілі змагароў
Новы альбом «Рэальнасьць і сны» добра ілюструе адыход беларускай незалежнай музыкі ад праблемаў надзённых, у ім нават прапануецца гіпстэрскае прачытаньне твораў з клясыкі беларускага року.
У сваім трэцім альбоме Akute нічога рэвалюцыйнага не прапаноўваюць як у тэматычным, так і ў музычным пляне. Стас Мытнік і Рома Жыгараў свой папярэдні рэліз «Не існуе» таксама прадстаўлялі як «альбом на мяжы рэальнасьці і сну». Пагатоў і паказаныя загадзя песьні «Наскрозь» і «Бегчы» сьведчылі, што аніякіх карэнных зьменаў ня будзе, нягледзячы на абяцаньні новага гучаньня. Практычна кожную песьню з гэтага дыску можна бязь цяжкасьці ўявіць як на «Дзевачках і космасе», так і на тым жа «Не існуе». Яны трымаюцца свайго аднойчы знойдзенага стылю, і пакуль гэта не дакучае. Няма тут адчуваньня заежджанай кружэлкі, якое бывае, калі музыка кожны раз эксплюатуе адзін і той жа вобраз праз творчую недзеяздольнасьць. У тым ліку дзякуючы таму, што музыкі кшталтуюць сваё майстэрства і павышаюць кожны раз свае патрабаваньні да агульнага саўнду, таму іх новыя песьні гучаць яшчэ больш адточана і насычана.
Калі не зважаць на два раней паказаныя сынглы, практычна бездакорныя ў сваёй падачы, то найперш увагу на сябе зьвяртае «Марнатраўны сын», якую Стас з Ромам знайшлі ў рэпэртуары гурту Ulis 21-гадовай даўніны, у адным з самых геніяльных альбомаў беларускага року «Танцы на даху». Яшчэ адзін адметны трэк альбому «На далоні» — адтуль жа. З улікам таго, што параўнаньні Akute і Ulis насьпелі яшчэ да запісу гэтых трэкаў, то самы час разабрацца.
Тэксты Ulis аўтарства Фэлікса Аксёнцава вельмі вобразныя, насычаныя біблійнымі сымбалямі ды адсылкамі да літаратурнай клясыкі XX стагодзьдзя, яны пакідаюць шырачэзную прастору для тлумачэньняў і, безумоўна, да тых часоў яны прыкладаліся ідэальна («На ўсе чатыры бакі пусьціў нас той, хто бачыць нас як на далоні»). Akute выдатна адаптавалі гэтыя два творы пад цяперашні час. У іх падачы песьні пра змаганьне цудоўным чынам ператварыліся ў песьні пра каханьне. Зьмяніўся час, таму зьмянілася музыка, таму зьмяніўся сэнс (калі б магілёўцы сыгралі гэтыя трэкі адзін у адзін — выйшаў бы правал). У гіпстэр-вэрсіі «Марнатраўнага сына» зьнік гэты пазытыўны адраджэнскі пасыл і адчуваньне паўставаньня нечага новага на зломе эпохаў, перажываньне за краіну і свой народ. Аксёнцаў пісаў ад першай асобы, але ў песьні гэтае «я» ўспрымалася якраз як «мы». У вэрсіі-2014 з цалкам зламаным музычным хрыбтом «марнатраўны сын» — яўны пафігіст, які больш падобны да героя песьні Чысьцякова «Иду, курю», чым да разважлівага героя Аксёнцава.
Перакручаная да непазнавальнасьці і «На далоні» — у арыгінале рытмічны нумар, у якім якраз чуўся стук капытоў, бег, пагоня, у Akute стаў павольным і бязважкім. «Далонь» тую ў часе і кантэксьце Аксёнцава можна трактаваць як далонь «вялікага брата», а ў лірычным выкананьні Мытніка выглядае, што гэта далонь Уладара. Вэрсія ўспрымаецца хутчэй як сумная гісторыя каханьня, напісаная паводле даўніх беларускіх легендаў. Нібы хлопец вырашыў зьбегчы зь дзяўчынаю, як ня далі бацькі дазволу на шлюб, а зь ёю здарылася нешта непапраўнае, вось і тужыць-плача хлопец і пяе пра тое, што ўсе мы пад Богам ходзім.
Прыклад Akute якраз добра ілюструе адыход беларускай незалежнай музыкі ад праблемаў надзённых, ад канстатацыі наяўнай сытуацыі, заклікаў да дзеяньня па яе зьмене ды наогул рэакцыі на сацыяльныя ўзрушэньні. Мэтамарфозы, якія адбыліся з гэтымі дзьвюма песьнямі «Уліса» і якія цалкам укладаюцца ў агульны настрой альбому, паказваюць, што вяртаньне да таго кантэксту і тых сэнсаў немэтазгодны для гэтага пакаленьня. Цяпер яны выконваюць ня музыку пратэсту і нязгоды, а нясуць пазытыў, граюць для радасьці і прыемнасьці сваёй публікі — людзей, якія хочуць быць у трэндзе, імкнуцца густоўна апранацца, пачувацца шчасьлівымі і пры гэтым нікому нічога не даказваць.
Akute — Reaĺnaść i sny, 2014
Спампаваць альбом можна на інтэрнэт-лэйбле «Пяршак».
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by
не стаў бы безапеляцыйна падзяляць захапляльнасць творчасцю гурта акутэ. пераспяваныя песні "марнатраўны сын" і "на далоні" хіба што адзіныя ў дыскаграфіі гурта, якія маюць сэнсавую нагрузку. астатнія - гэта мелодыі, музыка, але не песні ў поўным сэнсе слова, бо адсутнічае які-кольвек сэнс у словах. аднак, варта прызнаць што акутаўскае трыа нараджае музыку надзвычай прыемную для вуха, сапраўды сучасную музыку, але добрая музыка, не замацаваная грунтоўным тэкстам - гэта ўсяго толькі музыка. гурт не нясе ідэю, адсутнічае ўцямная канцэпцыя і ідэалагічны дыскурс у іх творчасці. але за кошт якаснай музыкі яна на хвалі поспеху.
ва ўсялякім разе, зычу гурту натхнення на далейшае развіццё. прынамсі, добра што гэты гурт ёсць, і тое, што гэты гурт ужывае беларускую мову ў сваіх тэкстах.
Я вось толькі не магу зразумець, дзе ў песьні ULIS "Марнатраўны сын" яны пачулі слова "патомкаў". Я ў арыгінале чую "на карысьць падонкаў". Сумняваюся, што Фэлікс Аксёнцаў мог расейскае слова ўставіць у тэкст.
Ваша рацыя, у арыгінале "падонкаў", вось тэкст http://ulis.by/txt/tn10.htm. Цалкам верагодна, што Akute імкнуліся зьмягчыць тэкст.
Добрая назва артыкулу :)
КАМЕНТАВАЦЬ